Што паглядзець у навагоднюю ноч на беларускім ютубе? Альтэрнатыўная праграма перадач 

Што паглядзець на Новы год, калі няма жадання бачыць на экране Лукашэнкі і Саладухі? Зрабілі падборку святочных беларускіх праграм.

31.12.2023 / 17:15

Скрыншот відэа на ютуб-канале «Женщины тяжёлого поведения»

Белсат

Калі раптам вы яшчэ не паспелі паглядзець серыял «Працэсы», то 31 снежня — добры дзень для таго, каб пад абсурдысцкую трагікамедыю Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя падвесці свае вынікі года. Першы эпізод пакажуць у 16.55.

У 22.20 пачнецца «Жэстачайшы мульт» — гэта цыкл анімацыйных пародый на вядомыя савецкія і постсавецкія тэлепраграмы: «Из зала суда», «Здоровье», «Поле чудес», «Сельский час», «Очевидное невероятное», «Калыханка», «Клуб кинопутешественников», «В мире животных», «Человек и закон» ды іншыя.

У 22.50 пачнецца першая частка навагодняга канцэрта. У 23.50 прагучыць святочны зварот Святланы Ціханоўскай да беларусаў. Пасля 00.05 працягнецца навагодні канцэрт, які ў 01.05 зменіць навагодняе шоу ад «Белсата». У 02.05 пачнецца фільм-канцэрт «Народны альбом».

3 03.20 і да паловы пятай ранку ў эфіры будзе «Чырвоны штраль» — канцэрт гурта «Крамбамбуля».

Годна

Падтрымліваць святочны настрой абяцае грамадская арганізацыя «Годна». У апошні дзень 2023 года а 19-й гадзіне па Мінску на яе ютуб-канале пачнецца навагодні выпуск. Абяцаюць шчырыя размовы з гасцямі, музыку, вясёлыя гульні і крыху рэфлексіі па зыходзячым годзе.

Вядучымі анлайн-свята стануць блогеры Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч. У госці да іх прыйдуць Мікіта Мелказёраў, вядучы ютуб-каналаў «Жыццё-маліна» і «Загляне сонца», гурт NaviBand, Наста Базар, ČORNABROVA — яна ж спявачка Паліна Дабравольская.

«З надыходзячым Новым годам, даражэнькія! Хай ён будзе разнастайным, цікавым, творчым, захапляльным, шчаслівым! А мы — каманда «Годна» — будзем разам з вамі, каб захапляцца Беларуссю, беларускамі і беларусамі, радаваць вас якасным кантэнтам! Заставайцеся з намі і з беларускай культурай, наперадзе ўсё самае цікавае!» — кажа Аліна Герашчанка, кіраўніца «Годна».

«о(б)суждаем»: Christmas edition

Сямнацаты выпуск гумарыстычнага шоу «о(б)суждаем» вядучыя Ваня Прус і Глеб Сямёнаў зрабілі святочным. Яны вырашылі падвесці вынікі года і раздаць званні і тытулы — а заадно і ўручыць залатыя оскараўскія статуэткі «мэйд ін чайна» (узнагарода, дарэчы, дасталася і «Нашай Ніве» — за член Гайдукевіча).

Лёгка, смешна і ненапружна. Мабыць, якраз тое, што патрэбна напрыканцы даволі цяжкага года.

Калядны кватэрнік у Марго Ляўчук

 Маргарыта Ляўчук і Аляксандр Памідораў

Калі вы не паспелі паглядзець кватэрнік опернай дзівы Маргарыты Ляўчук на Каляды, цяпер самы час.

У выпуску — NAVIBAND, KOOB, Сяржук Доўгушаў, гурт мужчынскіх спеваў «Kasary», Пятро Клюеў, Аляксандр Памідораў, піяніст Кірыл Кедук, Алена ЖалудOk і Георгій Дабро.

«Прэм’ера шасці новых песень! Сучасныя аранжыроўкі вядомых і традыцыйных песень, аўтарскія творы, круты вайб, жарты і святочны настрой, суперскія вобразы артыстаў — гэта трэба бачыць!» — абяцае каманда кватэрніка.

Слухаць і спампаваць песні з кватэрніка можна тут.

Новы год з «Обычным утром»

Усе песні з навагодніх эфіраў «Обычного утра» сабралі ў адно відэа.

«Атрымлівайце асалоду ад акустычных версій любімых песень J:МОРС, NAVIBAND і Лявона Вольскага, а таксама аўтарскіх твораў Дзяніса Дудзінскага», — анансуе канал.

Аліўе-батл ад Халезіна

Навагодні выпуск кулінарнага шоу «Ператрэм». За святочным сталом рэжысёр Мікалай Халезін сабраў сваіх сяброў і зладзіў аліўе-батл двух рэцэптаў: французскага (арыгінальнага) і савецкага. Які варыянт аказаўся смачнейшы?

У гасцях вядучыя Дзяніс Дудзінскі і Каця Раецкая, салісты гурта NAVIBAND Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук.

«Женщины тяжёлого поведения»

Гэта спецыяльны выпуск жаночага шоу, прысвечаны Новаму году і старым прававым звычкам, якія не хочацца браць з сабой у надыходзячы год.

За навагоднім сталом сустрэнуцца смелыя жанчыны, якія аднойчы вырашыліся ўзяць жыццё ў свае рукі, абараняць сваё, выбіраць сябе і заўжды адстойваць свае інтарэсы. Аўтаркі шоу — Марына Ментусава, Кацярына Раецкая і Настасся Карасёва. А ў госці прыйдуць Таісія Бекбулатава (заснавальніца незалежных выданняў «Холад» і «Коса», адна са 100 самых уплывовых і натхняльных жанчын свету 2022 года па версіі «Бі-бі-сі»), Рэната Немліхер (гештальт-тэрапеўтка) і Заліна Маршанкулава (журналістка, феміністка, аўтарка telegram-канала «Жаночая ўлада»).

Прыемны бонус: усе карысныя парады з выпуску ўжо сабраны ў зручны чэк-ліст, які можна спампаваць, каб потым выкарыстоўваць яго ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Чытайце таксама:

Выйшаў беларускі серыял «Працэсы». Расказваем, чаго чакаць

Тыктокерка-асветніца Ліза Ветрава: Я імкнулася зруйнаваць стэрэатып, што вывучэнне беларускай мовы — складаная і нудная справа

Маргарыта Ляўчук запрашае на калядны кватэрнік. Далучыцца можна анлайн

Nashaniva.com