У Беларусі забароняць рэкламаваць працу і вучобу за мяжой
Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы», які прадугледжвае карэктаванне дзейных законаў аб рэкламе і аб абароне правоў спажыўцоў, паведамляе БелТА.
29.12.2023 / 19:02
Фота ілюстрацыйнае
Паводле слоў міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава, законапраект прадугледжвае тры асноўныя блокі зменаў.
Па-першае, уводзяцца змены ў сферы кантролю за рэкламай з боку дзяржавы, ён будзе ўзмоцнены.
Так, размяшчэнне рэкламы на транспарце дапускаецца толькі пасля яе ўзгаднення з гар(рай)выканкамам па месцы знаходжання ўладальніка транспартнага сродку, а калі яна медыцынскага характару — то пасля яе ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя.
Па-другое, уводзіцца забарона на размяшчэнне рэкламы аб працаўладкаванні і вучобе за межамі Беларусі.
Выключэннем будзе толькі рэклама на сайтах, якія адмыслова праводзяць дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за межамі Беларусі і аказваюць паслугі па накіраванні на навучанне за межамі краіны.
Па-трэцяе, размяшчэнне сацыяльнай рэкламы не ўзгадняецца гар(рай)выканкамамі, паколькі яе якасць будзе ацэньвацца міжведамаснай радай па рэкламе пры МАРГ.
Паводле слоў Багданава, да сацыяльнай рэкламы цяпер будуць адносіцца і мерапрыемствы, накіраваныя на прасоўванне нацыянальных фільмаў. Гэтая тэма, маўляў, вельмі доўга абмяркоўвалася і прынята рашэнне, што такая рэклама павінна прызнавацца сацыяльнай і плата спаганяцца не будзе.
Таксама рэкламараспаўсюджвальнікі будуць абавязаныя па патрабаванні дзяржаўных органаў размяшчаць сацыяльную рэкламу дзяржаўных святаў, святочных дзён і памятных дат, а таксама сацыяльную рэкламу «ў сферы гарантавання дзяржаўнай і грамадскай бяспекі».
Акрамя таго, дзяржаўным аператарам знешняй рэкламы дадуць права на размяшчэнне сродкаў знешняй рэкламы на дзяржаўнай нерухомай маёмасці без правядзення таргоў.
Чытайце таксама:
Фабрыка накрутак. Як УКантакце ператварае рунэт у тэлевізар з дапамогай комікаў, троляў і блогераў
У Мінску пачалі ставіць скрынкі для збору непатрэбнай рэкламы