Матч за Суперкубак Турцыі, што меўся прайсці ў Саудаўскай Аравіі, адмянілі з-за цытат Атацюрка
З-за палітыкі «Фенербахчэ» і «Галатасарай», відаць, так і не згуляюць у Эр-Рыядзе.
30.12.2023 / 10:16
Фота: Murat Akbas / dia images via Getty Images
У Турцыі вар'яцеюць ад футбола: такой зараджанай атмасферы і дзікага шуму на трыбунах, як там, мабыць, няма нідзе ў Еўропе. Тым больш калі супернічаюць найпапулярнейшыя «Фенербахчэ» і «Галатасарай». Нягледзячы на гэта, з камерцыйных меркаванняў Суперкубак-2023 вырашылі правесці 29 снежня ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія), піша Championat.com.
Супраць такога пераезду восенню выступілі абодва клубы. Прычына — 100-годдзе з дня ўтварэння Турэцкай Рэспублікі ў 1923 годзе ў выніку распаду Асманскай імперыі.
Вось што заяўлялі прадстаўнікі «Галатасарая»: «Мы хочам, каб людзі паглядзелі матч на землях, якімі яны валодаюць, з нацыянальнай самасвядомасцю. Незалежна ад таго, хто за якую каманду заўзее».
Чыноўнікі не паслухаліся, і гэта прывяло да краху. Каманды ўжо прыляцелі ў Саудаўскую Аравію, як раптам перад самым матчам здарыўся скандал.
Яны планавалі ў гонар важнай даты выйсці на поле пад турэцкі гімн у футболках з выявай першага прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Мустафы Кемаля Атацюрка, а заадно захапіць транспаранты з цытатамі знакамітага палітыка: «Мір дома — мір ва ўсім свеце» і «Наколькі шчаслівы той, хто кажа: «Я турак».
У самы апошні момант, калі да пачатку Суперкубка заставаліся лічаныя хвіліны, арганізатары запатрабавалі адмовіцца ад самадзейнасці. Гасцям гэта, само сабой, не спадабалася, і ў выніку матч адмянілі.
Каманды вяртаюцца ў Стамбул, а турэцкія заўзятары моцна асвісталі прымаючы бок — і за адмену футбола, і за спробу заглушыць музыкай гімн.
Пазней «Фенербахчэ» і «Галатасарай» выпусцілі сумесную заяву:
«Каб адсвяткаваць 100-годдзе нашай рэспублікі і Турэцкай федэрацыі футбола за мяжой, мы арганізавалі працу з нашымі клубамі такім чынам, каб спрыяць павышэнню каштоўнасці брэнда турэцкага футбола і нашых клубаў. Матч за Суперкубак Турцыі, які планаваўся для правядзення ў пятніцу, 29 снежня 2023 года, перанесены на больш позні тэрмін у выніку сумеснага рашэння, прынятага намі з нашымі клубамі, з-за некаторых збояў у арганізацыі. Мы хацелі б падзякаваць федэрацыі футбола і адпаведныя ўстановы і арганізацыі прымаючай краіны за намаганні, якія яны прыклалі на цяперашні момант у арганізацыі Суперкубка».
Чытайце таксама:
У чэмпіянаце Турцыі прэзідэнт сталічнага клуба ўдарыў арбітра
Легенда футбола заявіў пра жаданне прыехаць у Беларусь, хаця пра яе амаль нічога не ведае