Чаму Ціханоўская не звальняе Франака Вячорку?
У новым выпуску ТОКу лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская патлумачыла, чаму ў яе камандзе не засталося людзей з «Краіны для жыцця», чаму не звальняе Франака Вячорку, і як трапляюць людзі ў яе Офіс.
02.01.2024 / 18:00
Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Падчас ток-шоу Святлана Ціханоўская адказала на шэраг пытанняў ад гледачоў каналу і чытачоў «Нашай Нівы». Прыводзім адказы на некаторыя з іх.
Чаму ў вашай камандзе не засталося нікога з старой каманды «Краіны для жыцця», тых, хто быў з вамі ад пачатку?
Адказваючы на гэта пытанне, Святлана згадала, што людзі з каманды «Краіны для жыцця» працавалі з ёю яшчэ ў 2020-м годзе. Цяпер, сапраўды, іх не засталося.
«Людзі самі выбіраюць свой шлях. Нехта з'ехаў у іншыя краіны, нехта адышоў ад дэмакратычнай барацьбы. Нехта робіць свой бізнэс зараз. Я ведаю, што ў Машы Мароз свая арганізацыя ў Варшаве».
Чаму Франак Вячорка ваш дарадца, адкуль ён зʼявіўся, якія ў яго паўнамоцтвы, каб раіць вам? Вас мы выбіралі, а яго не. Чаму вы не звольнілі Франака Вячорку?
Ціханоўская згадала, што Франак Вячорка далучыўся да каманды ў 2020-м годзе. «Ён вельмі хутка прыехаў. Гэта вельмі дасведчаны чалавек. Ён побач са мною працуе тры гады, і я вельмі задаволеная яго працай. З чаго мне яго звальняць?», — здзівілася Ціханоўская і адзначыла, што абсалютна яму давярае.
Як трапляюць людзі ў Офіс Ціханоўскай? Хто рэкамендаваў узяць на працу Кавалеўскага і Ягорава?
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі распавяла, што ў яе Офіс людзі трапляюць па-рознаму. Некага рэкамендуюць. Некаторых імкнуцца ўзяць да сябе, паглядзеўшы на іх дзейнасць у грамадзянскай супольнасці.
Згадваючы пра свайго намесніка па міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага, Ціханоўская распавяла, што ён прыйшоў у каманду ў 2020-м годзе: «Хіба што ён заявіў аб сваім жаданні працаваць разам нават да таго, як яго пасадзілі на некалькі сутак у Беларусі. Потым ён прыехаў».
Адносна спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава Святлана распавяла, што сустракалася з ім яшчэ ўлетку 2020 года як з экспертам. «Я яго не ведала, але ў яго была свая грамадская дзейнасць. Прыйшоў ён нашмат пазней, каб працаваць з еўраструктурамі. Тут ён вельмі добра арыентуецца. Але потым сышоў у Каардынацыйную раду».
Глядзіце цалкам:
Чытайце таксама:
Ціханоўская пра Пракоп'ева: У чалавека шмат энергіі, шмат што хоча рэалізаваць, але неяк усё кідае
Ціханоўская звярнулася да Юліі і Аляксея Навальных
Ціханоўская адказала, ці зможа прабачыць Лукашэнку
Ціханоўская адказала пабліку «Советская Белоруссія», які называе яе хунтэсай