Бахарэвіч пра сваю перамогу ў апытанні наконт кнігі года: Знайшлося некалькі чалавек, якія сапраўды цікавяцца літаратурай і ставяць яе вышэй за ўласныя крыўды

Альгерд Бахарэвіч — адзін з самых пасьпяховых беларускіх літаратараў. Ягоныя кнігі выдаюцца і перавыдаюцца, перакладаюцца на іншыя мовы, паводле іх ставяцца спэктаклі. Але ў Беларусі яны забароненыя.

02.01.2024 / 14:00

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай

«Радыё Свабода» пагутарыла зь ім пра прызнаньне, цэнзуру і самацэнзуру і навінкі году зь ягонага пісьменьніцкага стала.

«Літаратура — складаны, тонкі занятак, які не цярпіць дылетанцтва і прафанацыі»

— Ваша кніга «Ператрус у музэі» разам з кнігай Ганны Янкуты «Час пустазельля» набрала найбольшую колькасьць галасоў экспэртаў Радыё Свабода. Што для вас азначае гэтае прызнаньне?

— Ананімныя крытыкі маюць права крытыкаваць толькі ананімныя творы. Як і ананімныя экспэрты могуць выказваць сваю думку толькі пра тыя кнігі, аўтары якіх пажадалі застацца невядомымі. А інакш аўтар нават слабой кніжкі маральна вышэйшы за любога баязьлівага ананіма. Мая кніга «Ператрус у музэі» падпісаная маім імем. Я не баюся ставіць яго на вокладку і бяру поўную адказнасьць за тое, што напісаў.

Апошнія гады тры мае кнігі перамагалі ў апытаньні Радыё Свабода, але я ня стаўлюся да гэтага як да нейкага трыюмфу. Для мяне гэта значыць толькі адно: на шчасьце, гэтым разам зноў знайшлося некалькі чалавек, якія сапраўды цікавяцца літаратурай і ставяць яе вышэй за ўласныя крыўды. Я моцна сумняваюся, што да «экспэртаў» у Беларусі даходзіць штосьці з навінак беларускага кнігавыданьня ў экзылі і што яны наагул уяўляюць, пра што гаворка. А яшчэ я кожнага разу дзіўлюся набору выпадковых «экспэртаў». Літаратура — складаны, тонкі занятак, які не цярпіць дылетанцтва і прафанацыі і патрабуе як мінімум знаёмства з прадметам экспэртызы. А яшчэ гэта вельмі небясьпечны занятак. Прынамсі, значна больш небясьпечны, чым быць чытачом Х. Пры ўсім гэтым я вельмі рады за Ганну Янкуту. Яе кніга — вялікая, цікавая, арыгінальная праца, якая заслугоўвае прызнаньня.

«Калі людзі пішуць, што плакалі, чытаючы «Ператрус…» — гэта кранае»

— «Ператрус у музэі», паводле водгукаў, стаў летась адной з самых папулярных кніг сярод чытачоў. Ці пішуць вам яны пра свае ўражаньні? Падзяліцеся, калі ласка, самымі, можа быць, нечаканымі для аўтара.

— Сваёй наймацнейшай леташняй кнігай я лічу «Хлопчык і сьнег». Але чытачы сапраўды аддалі перавагу «Ператрусу ў музэі». Водгукаў на беларускія кнігі наагул выходзіць мала. Сур’ёзных рэцэнзій — яшчэ менш. На «Ператрус у музэі» выйшлі дзьве рэцэнзіі ў беларускіх мэдыя, адна — ва ўкраінскім часопісе «Критика», а яшчэ было яскравае відэа ад Андрэя Хадановіча з падрабязным разборам кнігі.

Што да чытачоў — вядома, яны пісалі пра «Ператрус…» у сацыяльных сетках і ня раз дзякавалі мне за яго падчас сустрэч. Што да нечаканасьці… Я гатовы да ўсяго, але калі людзі пішуць, што плакалі, чытаючы «Ператрус…», гэта кранае. Або калі адзін з чытачоў падзяліўся сваім успрыманьнем кнігі: для яго апавяданьні зь «Ператрусу…» — гэта сны. Пішучы кнігу, я не задумваўся пра такую яе будучую інтэрпрэтацыю.

«На жаль, на Захадзе практычна не існуе нейкага вобразу беларускай літаратуры»

— Увогуле, вашым чытачам пашчасьціла. Яны атрымалі летась ажно чатыры вашы новыя кнігі. У тым ліку і адну ў нямецкім перакладзе. Сёлета выйдзе яшчэ адна па-нямецку. Раскажыце, калі ласка, як сустракаюць вашы кнігі замежныя чытачы і літаратурныя крытыкі. Чым прываблівае іх творчасьць беларускага аўтара?

— Так, ужо ў лютым зьявіцца нямецкі пераклад маёй найважнейшай кнігі, «Сабакі Эўропы». Гэтую тытанічную працу зрабіў Томас Вайлер. Раман выйдзе ў выдавецтве Voland&Quist, прэм’ера адбудзецца ў Бэрліне 22 лютага. Калі я чытаю ўрыўкі з «Сабакаў Эўропы» ў розных краінах і гарадах, дык часта чую: мы не чакалі, што ў Беларусі ёсьць такія злосныя, складаныя, амбітныя тэксты.

На жаль, на Захадзе практычна не існуе нейкага вобразу беларускай літаратуры. У лепшым выпадку ад яе чакаюць толькі скаргаў і прымітыўнай публіцыстыкі.

Часьцей за ўсё беларуская літаратура выходзіць у перакладах, калі выдаўцы і перакладчыкі хочуць: a) адкрыць чытачам штосьці экзатычнае; b) падтрымаць нас у цяжкія часы; с) яны проста належаць да вузкага кола, якое цікавіцца Ўсходняй Эўропай. Разбурыць гэтую абрыдлую схему мне асабіста было б прыемна, а для беларускай літаратуры — карысна.

«Я дыхаю літаратурай, гэта самая цікавая праца з тых, якія я ведаю»

— Вы не спачывалі на ляўрах, і сёлета мае зьявіцца не адна ваша новая кніга, напісаная летась. Праанансуйце, калі ласка, іх для вашых прыхільнікаў.

— Калі ўсё складзецца як мае быць, сёлета маюць выйсьці па-беларуску мой прыгодніцкі раман для чытачоў ад 16 да 99 гадоў «Капітан Лятучая Рыба», невялікі раман «Аўгуры» і перавыданьне «Дзяцей Аліндаркі», майго самага пасьпяховага раману, за мяжой (ён выйшаў у Менску роўна 10 гадоў таму).

— Ваша працаздольнасьць уражвае. Што вам дае сілы, што натхняе?

— Я дыхаю літаратурай, гэта самая цікавая праца з тых, якія я ведаю. Большую частку свайго жыцьця я займаюся тым, што чытаю і пішу. А яшчэ гэта мой спосаб гаварыць са сьветам, мой спосаб павольнага самаразбурэньня, мой супраціў — і найлепшы спосаб ратаваць сябе ад сусьветнай нуды і роспачы. Мы ўсе прыдумляем сябе, і некалі я прыдумаў сябе менавіта так. Мае кнігі выдаюцца на розных мовах, яны прадаюцца, чытаюцца, абмяркоўваюцца, перакладаюцца, ставяцца на сцэне ў розных краінах.

Я і праўда ня ведаю, чым бы яшчэ я мог займацца і навошта. Таму я пішу, калі пішацца, а калі не пішу — думаю, чытаю або размаўляю пра літаратуру і тых, хто яе чытае і піша, зь Юляй. Я заўсёды маю на гэта час — і дзіўным чынам гэта зрабілася магчымым дзякуючы той самай літаратуры. Побач са мной Юля Цімафеева — жонка, сябар, таленавіты і самы блізкі чалавек, якая мяне разумее, падтрымлівае і зь якой мы падарожнічаем па гэтым сьвеце, як брэмэнскія музыкі.

«Усе мае кнігі ў Беларусі забароненыя, дзьве ў «экстрэмісцкім сьпісе», нават імя аўтара пад забаронай»

— А што засмучае, што, можа быць, тармозіць вашы лёгкія пісьменьніцкія рукі?

— Кожны пісьменьнік чакае водгукаў на тое, што робіць. Нават калі кажа, што яму ўсё роўна. Беларускай літаратурнай крытыкі не існуе. Час, у які мы жывём, не прадугледжвае прафэсійнай ацэнкі мастацтва. Ужо даўно кожны чытач — сам сабе крытык і экспэрт.

Таму, калі ў мяне выходзяць кнігі, я чакаю на іх рэакцыі. Страшна пісаць у пустату, у маўчаньне. Але я даўно зразумеў: трэба проста ўмець чакаць. Ня ўсе чытаюць па тры кнігі на тыдзень і маюць час адразу напісаць пра іх у сацсетках. Пісьменьнікі — людзі надумлівыя…

Засмучае насамрэч шмат што. Усе мае кнігі ў Беларусі забароненыя, яны выкінутыя адусюль і зьнішчаюцца, дзьве зь іх у «экстрэмісцкім сьпісе», нават імя аўтара пад забаронай. Значыць, трэба напісаць новыя кнігі.

Але так, каб у іх не было ні каліва страху, ні кроплі асьцярожнасьці, ні намёку на самацэнзуру. Разумеючы, што так ты страчваеш сувязь з чытачом у Беларусі, бо тваім кнігам туды ў блізкім часам ня трапіць.

«Усё пераменіцца, чуеш? Усё пераменіцца»

— Чаго чакае ад новага году пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч і неабыякавы беларус Альгерд Бахарэвіч?

— Пісьменьнік чакае выхаду «Сабакаў Эўропы» па-нямецку — разам з чытачамі. Беларус чакае пераменаў і свабоды сваёй краіне.

Пісьменьнік кажа чалавеку: ні на што не спадзявайся, я ўжо ўсё напісаў. А чалавек усё роўна верыць не пісьменьніку, а шэпту аднекуль са сваіх цёмных глыбіняў: усё пераменіцца, чуеш? Усё пераменіцца.