Па ўсёй Расіі ўзбунтаваліся разумныя гірлянды — пішуць «Слава Украіне» і падводзяць гаспадароў пад суд

На сям'ю з расійскага Ноўгарада 1 студзеня склалі пратакол ад дыскрэдытацыі расійскай арміі. Пільныя суседзі заўважылі, што на балконе свяцілася гірлянда з надпісам «Слава Украіне» на ўкраінскай мове, піша «База».

02.01.2024 / 16:12

Гаспадар, 43-гадовы Андрэй, даводзіў, што ён ні пры чым, але здаецца, яму мала хто паверыў.

Ён тлумачыў, што некалькі тыдняў таму ўбачыў у папулярнага ютуб-блогера «разумную» гірлянду, якую можна сабраць сваімі рукамі. Андрэй паасобку замовіў на «Алі-Экспрэс» мікракантролер і святлодыёдную стужку, а затым запампаваў прашыўку і на балконе яго кватэры заззяў надпіс «З надыходзячым Новым годам!». А роўна апоўначы лозунг змяніўся на «Слава Украіне!».

Як выявілася, з падобнай сітуацыяй сутыкнуліся некалькі чалавек з розных гарадоў Расіі. Мяркуючы па каментарах мадэратара форума, уся справа ў прашыўцы. Найхутчэй, нехта заклаў у адной з версій прашыўкі змену навагодняга надпісу. Пры гэтым адзін з карыстальнікаў форуму напісаў, што аўтар прашыўкі — родам з Харкава, і гэта яго «помста за прылёты», дадаўшы, «цяпер абцякайце».

Тым не менш справу гаспадароў з Ноўгарада ніхто не адмяняў, іх будуць судзіць.

Nashaniva.com