Міністр Іванец: У Беларусі засталіся шэсць прыватных школ

Установы адукацыі прыватнай формы ўласнасці павінны праходзіць ліцэнзаванне, аднак атрымаць спецыяльныя дазволы ўдаецца далёка не ўсім.

02.01.2024 / 21:06

Ілюстрацыйнае фота Michal Dyjuk / AP

Зараз у Беларусі функцыянуюць шэсць прыватных устаноў адукацыі, заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец, піша «Спутнік».

Ён нагадаў, што ў 2022 годзе ў закон «Аб ліцэнзаванні» ўнеслі папраўкі, якія вызначылі парадак атрымання ліцэнзій на адукацыйную дзейнасць установамі адукацыі.

Паводле яго слоў, для прыватных школ такія ж патрабаванні, як і для дзяржаўных, а іх дзейнасць павінна строга адпавядаць заканадаўству.

У верасні 2022 года беларускія ўлады звярнулі ўвагу на працу прыватных адукацыйных устаноў, пасля чаго адбылося закрыццё шэрагу школ (усяго іх было больш за 30).

У заканадаўстве былі ўведзеныя новыя формы ліцэнзавання для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Школы і дзіцячыя сады прыватнай формы ўласнасці павінны былі выканаць патрабаванні, якія тычацца наяўнасці неабходнай вучэбнай дакументацыі, мэблі, інвентару, санэпідрэжыму і гэтак далей.

У чэрвені 2023 года першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч адзначаў, што ў краіне працуюць пяць прыватных школ, якія змаглі атрымаць дазволы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ліцэнзаванне прайшлі ўсе дзяржаўныя школы.

Чытайце таксама:

Чыноўнікі Гомельшчыны забаранілі моладзі «пажыць для сябе»

Школьнікам выдаюць пластыкавыя карты для праезду. Ці будзе штраф, калі імі не карыстацца

У беларускіх школах увядуць новы падручнік па гісторыі. Але «перапісвання не будзе»

Nashaniva.com