Камандуючы Сухапутнымі войскамі Украіны пра сітуацыю на фронце: Расія павялічвае колькасць тэхнікі і перагрупоўвае войскі

Аляксандр Сырскі расказаў, што расейцы працягваюць інтэнсіўныя наступальныя дзеянні на Купянскім і Бахмуцкім кірунках і перагрупоўваюцца на Ліманскім.

03.01.2024 / 13:15

Аляксандр Сырскі і Уладзімір Зяленскі

«На Бахмуцкім кірунку працягваюцца напружаныя баі каля Багданаўкі, вораг спрабуе наступаць у бок Часавага Яра. Акрамя таго, праціўнік працягвае штодзённыя штурмы паблізу Сінькоўкі для стварэння плацдарму і наступнага наступу на горад Купянск», — напісаў Сырскі ў тэлеграме.

На Ліманскім кірунку расійскія войскі пасля панесеных страт праводзяць перагрупоўку і падрыхтоўку да вядзення наступаў. РФ на гэтым кірунку актыўна прымяняе авіяцыю, наносячы ўдары кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі.

У цэлым праціўнік павялічыў выкарыстанне тэхнікі падчас наступаў для падтрымкі пяхоты. Для штурмаў актыўна прыцягваюцца падраздзяленні сфармаваныя з былых злачынцаў «Шторм Z» і «Шторм V». Са слоў Сырскага, акупанты прадаўжаюць перакідваць рэзервы з іншых кірункаў.

«Нашы воіны, нягледзячы на складаныя ўмовы, мужна трымаюць абарону і не даюць ворагу ісці наперад. У органах кіравання ўсіх узроўняў пастаянна праводзіцца работа па выпрацоўцы рашэнняў, накіраваных перш за ўсё на апярэджанне дзеянняў ворага, вядзенне эфектыўнай контрбатарэйнай барацьбы, знішчэнне рэзерваў акупантаў на шляхах іх вылучэння і захаванне жыцця нашых вайскоўцаў», — падкрэсліў камандуючы.

Чытайце таксама:

Пяскоў назваў фэйкам інфармацыю пра «сенсацыйную заяву» Пуціна

Зяленскі: Пуцін з'есць вас на вячэру з усімі вашымі ЕС, НАТА, свабодай і дэмакратыяй

Па ўсёй Расіі ўзбунтаваліся разумныя гірлянды — пішуць «Слава Украіне» і падводзяць гаспадароў пад суд

Nashaniva.com