Расійскія хакеры знаходзіліся ў сістэме аднаго з найбуйнейшых мабільных аператараў Украіны з мая 2023 года
Узлом прывёў да катастрафічных праблем і быў накіраваны на нанясенне псіхалагічнага ўдару і збор разведвальнай інфармацыі.
04.01.2024 / 11:33
Начальнік упраўлення кібербяспекі Службы бяспекі Украіны Ілля Віцюк заявіў Reuters, што расійскія хакеры знаходзіліся ў сістэме мабільнага аператара «Кіеўстар» прынамсі з мая 2023 года. У снежні на «Кіеўстар» была ажыццёўлена магутная кібератака, у выніку якой дзясяткам мільёнаў украінцаў былі недаступныя мабільная сувязь і інтэрнэт, піша «Коммерсант».
«На гэты момант мы можам з упэўненасцю сказаць, што яны знаходзіліся ў сістэме як мінімум з мая 2023 года. Я не магу цяпер сказаць, з якога часу ў іх быў… поўны доступ. Імаверна, як мінімум з лістапада», — сказаў спадар Віцюк.
Па словах начальніка ўпраўлення кібербяспекі, узлом прывёў да катастрафічных праблем і быў накіраваны на нанясенне псіхалагічнага ўдару і збор разведвальнай інфармацыі.
Супрацоўнік спецслужбы адзначыў, што расійскія хакеры знішчылі практычна ўсё, у тым ліку тысячы віртуальных сервераў і камп'ютараў. Паводле яго слоў, снежаньская атака на «Кіеўстар», імаверна, з'яўляецца першым прыкладам кібератакі, якая цалкам знішчыла ядро мабільнага аператара.
Спадар Віцюк сцвярджае, што хакеры спрабавалі трапіць у сістэму «Кіеўстара» яшчэ ў сакавіку. Ён заявіў, што ў лістападзе ў іх з'явіўся доступ да асабістай інфармацыі, месца знаходжання тэлефонаў карыстальнікаў аператара. З лістапада хакеры маглі перахопліваць СМС-паведамленні і, магчыма, красці Telegram-акаўнты, паведаміў супрацоўнік СБУ.
Прадстаўнік «Кіеўстара» заявіў агенцтву, што фактаў уцечкі персанальных даных кліентаў не выяўлена. СБУ дапамагла аператару за некалькі дзён аднавіць сістэмы і адбіць новыя кібератакі.
Начальнік упраўлення кібербяспекі падкрэсліў, што кібератака на «Кіеўстар» не аказала вялікага ўплыву на ўкраінскую армію, таму што ў ёй выкарыстоўваюцца іншыя алгарытмы і пратаколы.
Спадар Віцюк заявіў Reuters, што амаль упэўнены ў тым, што за кібератакай стаіць звязаная з Расіяй хакерская група Sandworm. Пры гэтым адказнасць за атаку ўзялі на сябе прадстаўнікі хакерскай групоўкі «Сонцапёк».
Спадар Віцюк сцвярджае, што год таму ў сістэму ўкраінскага мабільнага аператара — кампанію ён назваць адмовіўся — ужо пранікала Sandworm, але СБУ ўдалося вылічыць хакераў. Узоры шкоднага ПА, якое выкарыстоўвалася для атакі на «Кіеўстар», цяпер вывучае ўкраінская спецслужба.
12 снежня 2023 года адбыўся найбуйнейшы з лютага 2022-га збой у працы інфармацыйнай інфраструктуры Украіны, дзясяткам мільёнаў украінцаў былі недаступныя мабільная сувязь і інтэрнэт. Украінскія спецслужбы абвінавацілі Расію ў ажыццяўленні магутнай кібератакі на «Кіеўстар». Непаладкі закранулі працу банкаўскай сферы і шэрагу іншых крытычна важных галін. «Кіеўстар» заявіў, што хакеры ўзламалі сістэму абароны праз уліковы запіс супрацоўніка.
Чытайце таксама:
У ЗША хакеры выкралі ДНК-звесткі ўжо амаль 7 мільёнаў чалавек
Кітайскія хакеры выкралі 60 тысяч непублічных лістоў Дзярждэпа ЗША — Reuters
Следчыя Еўропы атрымаюць новы інструмент пошуку кіберзлачынцаў