Пад палітычныя рэпрэсіі трапіў жлобінскі чыноўнік

Тэлеграм-канал Free Zhlobin 3 студзеня паведаміў пра затрыманне начальніка аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўгена Ахрэменкі. Затрымалі чыноўніка, як сцвярджаецца, на мінулым тыдні, з 26 па 29 снежня. Прычынай сталі падпіскі ў сацсетках.

04.01.2024 / 16:35

Былы начальнік аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка (крыніца «Новы дзень»)

«Флагшток» патэлефанаваў па службовым нумары начальніка аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама.

«Яго няма і не будзе ўжо. Ён не працуе ўжо тут. З пачатку новага года не працуе», — быў такі адказ.

Паводле інфармацыі Free Zhlobin, Ахрэменку прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

На сайце «Жлобіншчына спартыўная і турыстычная» Ахрэменка яшчэ прысутнічае ў якасці кіраўніка

У 2019 годзе Ахрэменка займаў пасаду загадчыка сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама, як мінімум у 2021 годзе стаў начальнікам профільнага аддзела.

Паводле інфармацыі сайта chinovniki.info, у 2019 годзе Ахрэменка быў намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 4 Жлобінскай выбарчай акругі № 40. Ён вылучаўся ад праўладнай Гомельскай абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды.

Чытайце таксама:

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго мінчука за ўдзел у пратэстах

Сілавікі затрымалі грамадзянку Украіны за каментары і падтрымку сваёй краіны ў вайне

ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку закрытага тэлеграм-чата «ДС Грушаўскі квартал»

Nashaniva.com