Падлетак, якога затрымлівалі за нібыта падрыхтоўку масавага забойства ў Салігорску, на свабодзе. Пад крыміналкай і без тэхнікі

Ён хваліўся «моцным дахам» у беларускай міліцыі, але гэта аказалася хлуснёй. Таксама стала вядома, хто выканаў «замову» на школьніка.

04.01.2024 / 18:09

Затрыманы Ілля «Мэфі». Выява з прэс-рэліза МУС

15-гадовага школьніка Іллю «Мэфі» затрымалі пасля таго, як нібыта ад яго імені па сацсетках разнеслася фэйкавая інфармацыя пра падрыхтоўку да масавага забойства дзяцей.

Ілля схлусіў у чатах сваіх аднадумцаў пра тое, што «працуе на сілавікоў і мае ў іх дах». Таму калі ён знік, то шмат хто не паверыў, што хлопец сапраўды затрыманы. А насамрэч з ягоных акаўнтаў працягвалі сядзець сілавікі.

Пасля гэтага быў затрыманы яшчэ адзін беларускі школьнік, сябра Іллі па мянушцы «Стаф». Але неўзабаве і «Стафа», і «Мэфі» адпусцілі — цяпер яны пад падпіскай аб нявыездзе як абвінавачаныя па артыкуле 340 Крымінальнага кодэксу («Заведама хлуслівае паведамленне пра небяспеку»). Таксама ў хлопцаў канфіскавалі тэхніку.

Скрыншот з канала Іллі «Мефі»

Пасля таго, як Ілля адшукаў новую тэхніку, ён стварыў новыя каналы і перарэгістраваў акаўнт. У новым канале ён піша, што больш не будзе займацца сватынгам (падманнымі мініраваннямі), каб не мець праблемаў з законам. І сфакусуецца на «доксінгу» — пошуку звестак пра людзей, якія робяць у інтэрнэце «нешта не тое».

Скрыншот з канала Іллі «Мефі»

Вядома і хто падставіў хлопца — група сватэраў, якая называецца Gospartia. Яны прапануюць паслугі па рассылцы лістоў у розныя месцы з мэтай падманнага мініравання, блакіроўку рэквізітаў чалавека, а таксама выдаленне тэлеграм-каналаў або атрыманне на іх паметкі «скам».

Скрыншот з канала Gospartia

Імаверна, Іллю і ягонага сябра чакае суд. Санкцыя артыкула 340 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае да пяці гадоў калоніі. Але можна абмежавацца і штрафам.

Чытайце таксама:

Сілавікі пацвердзілі, што мінскі школьнік, які «пагражаў» разнёй у Салігорску, стаў ахвярай сватынгу

Школьнік, якога нядаўна падставілі з «салігорскай гульнёй», сам затрыманы. Ён за капейкі займаўся падманнымі мініраваннямі аб'ектаў

У Беларусі выявілі некалькі груп дзяцей-ілжэмінёраў

Nashaniva.com