У Паўднёвай Карэі эвакуююць цэлы востраў з-за масіраванага абстрэлу з боку КНДР
У бок вострава было выпушчана больш за 200 снарадаў, праўда, ніхто не пацярпеў.
05.01.2024 / 09:25
Вучэнні арміі Паўднёвай Карэі. Фота: Lee Jin-man / AP
Паўднёвая Карэя абвясціла эвакуацыю Ёнпхёндо (пражывае звыш 2 тыс. чалавек) у Жоўтым моры ў сувязі з «відавочнымі прыкметамі ваеннай правакацыі» з боку КНДР, піша РБК.
Па даных мясцовага ўпраўлення акругі, загад аб экстранай эвакуацыі быў аддадзены двойчы.
«Мы атрымалі паведамленне ад вайскоўцаў аб сітуацыі, звязанай з правакацыяй з боку Паўночнай Карэі, пасля чаго абвясцілі пра эвакуацыю», — заявіў прадстаўнік мясцовай адміністрацыі, з паведамлення якога вынікае, што ў гэтым раёне магчымыя баявыя дзеянні.
Пазней Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі паведаміў, што паўночнакарэйскія вайскоўцы адкрылі агонь з артылерыі па паўночна-заходнім астраўным рэгіёне. Па іх даных, у бок выспы было выпушчана больш за 200 снарадаў.
Там удакладнілі, што ніхто не пацярпеў, а пункт удару знаходзіўся на поўнач ад паўночнай размежавальнай лініі (NLL).
У пятніцу, 5 студзеня, у раёне вострава, насельніцтва якога складае 2,1 тыс.чалавек, павінны былі праходзіць вучэнні марской пяхоты Паўднёвай Карэі.
Раней Ёнпхёндо ўжо станавіўся аб'ектам атакі з боку КНДР. 23 лістапада 2010 года паўночнакарэйская артылерыя адкрыла агонь па востраве, у выніку чаго загінулі двое марскіх пяхотнікаў і двое цывільных, раненні атрымалі больш за дзясятак салдат і некалькі мясцовых жыхароў. Паўднёвая Карэя адкрыла агонь у адказ, ад якога, паводле звестак КНДР, загінуў адзін вайсковец і двое былі параненыя.
Чытайце таксама:
Кім Чэн Ын заявіў пра гатоўнасць знішчыць Вашынгтон і Сеул у выпадку канфрантацыі
Кім Чэн Ын загадаў вайскоўцам паскорыць падрыхтоўку да вайны
Расія, магчыма, ужо купляе балістычныя ракеты ў Паўночнай Карэі