Школа польскай мовы PanProfesor спыніла працу пасля візіту сілавікоў
На фэйсбук-старонцы школы польскай мовы PanProfesor з'явіўся пост, у якім яе кіраўніцтва падрабязна расказала, што адбылося ў іх 21 снежня мінулага года і чаму школа вымушана спыніць працу.
06.01.2024 / 00:28
Паводле паведамлення, два тыдні таму прадстаўнікі нейкіх спецыяльных службаў «прыйшлі ў госці» да аднаго з супрацоўнікаў у Мінску, а пасля правялі ператрус у офісе.
Як пазней аказалася, у тую раніцу 21 снежня 2023 года школа PanProfesor была не адзінай, якой давялося перажыць падобнае: на некалькіх іншых курсах польскай мовы тады былі затрыманыя дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых з іх прымусілі запісаць відэа.
Практычна з парога «таварышы» сталі заяўляць, што ў кампаніі шмат парушэнняў і даўгоў, а таксама што на іх, маўляў, паступіла нейкая ананімная заява, пра змест якой не казалі.
А калі адзін з іх пабачыў статут і іншыя асноўныя дакументы прадпрыемства, то сказаў, што, маўляў, «вас толькі за гэта ўсіх можна пасадзіць надоўга».
Пасля таго школе было настойліва прапанавана неадкладна:
1) спыніць рэкламу;
2) закрыць офіс і спыніць заняткі;
3) самастойна ліквідаваць кампанію.
Паколькі «ў нас няма ніякіх рэсурсаў і магчымасцяў хоць бы нейкім чынам супраціўляцца падобнаму, а таксама «часам не да законаў», кіраўніцтва школы прыняло балючае для яго рашэнне аб закрыцці беларускай кампаніі, супрацоўнікі звольненыя.
«Для прадстаўнікоў спецслужбаў і іншых азвяронкаў гэтая навіна можа быць алеем на сэрцы, для нас жа — завяршэннем амаль 9-гадовай працы ў Беларусі пад брэндам PanProfesor, хоць многія з нашых выкладчыкаў маюць 10, 15 і нават 20-гадовы стаж выкладання польскай мовы», — канстатуецца ў паведамленні.
«Мы яшчэ не памерлі, але наша дзіця ў Беларусі робіць апошнія ўздыхі.
Спрабуючы заставацца вернымі перш за ўсё самім сабе, мы прынялі рашэнне як мінімум завяршыць групы, якія не давучыліся, анлайн. Дзякуй нашым вучням, большасць падтрымала нашу прапанову», — абяцаюць педагогі.
А паколькі за завяршэнне навучання адказвае партнёрская кампанія PanProfesor з Польшчы, то яны гарантуюць, што «ніякай уцечкі даных у гэтай сувязі не будзе, а абавязацельствы па навучанні будуць выкананыя ў адпаведнасці з дамовай».
Чытайце таксама:
ГУБАЗіК наведаў школу польскай мовы. Падобна, што затрыманы яе дырэктар Вадзім Свістуноў
«Дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам». Стала вядома, за што арыштавалі мастачку Ганну Крук