Пентагон тры дні не паведамляў Беламу дому аб шпіталізацыі свайго кіраўніка

Пентагон на працягу трох дзён не паведамляў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і іншым высокапастаўленым чыноўнікам аб шпіталізацыі міністра абароны Лойда Осціна, сцвярджае Politico.

07.01.2024 / 13:46

 Лойд Осцін. Фота: Michael Probst / AP

70-гадовы міністр быў шпіталізаваны ўвечары 1 студзеня праз «ўскладненні пасля планавай медыцынскай працэдуры». Прэс-рэліз для грамадскасці пра гэта выйшаў толькі 5 студзеня.

Суразмоўцы Politico сцвярджаюць, што дарадца прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван даведаўся пра шпіталізацыю Осціна толькі 4 студзеня. Тады ж ён паведаміў пра гэта Байдэну.

Суразмоўцы выдання таксама заявілі, што навіна аб шпіталізацыі Осціна стала шокам для ўсіх супрацоўнікаў адміністрацыі прэзідэнта. У той жа час супрацоўнікі Савета нацыянальнай бяспекі былі здзіўлены, што Пентагону спатрэбілася так шмат часу, каб даць гэтую інфармацыю, піша Politico.

Паводле звестак выдання, прадстаўнікі Пентагона апавясцілі Кангрэс ЗША аб стане Осціна прыкладна за 15 хвілін да афіцыйнай заявы. На наступны дзень Пентагон апублікаваў каментар Осціна, у якім ён паведаміў, што ідзе на папраўку і разлічвае неўзабаве вярнуцца да працы. Міністр таксама прызнаў, што мог бы лепш інфармаваць грамадскасць аб сваіх праблемах са здароўем.

Паводле NBC, Осцін чатыры дні знаходзіўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.

Nashaniva.com