Асноўныя пагрозы, якія чакаюць свет у 2024-м
Многія эксперты даюць на 2024 год прагнозы без аптымізму. Апроч ранейшых пагроз яны называюць адну новую. Агляд прыводзіць Бі-бі-сі.
07.01.2024 / 20:31
Вайна ва Украіне. Фота: УСУ
Прыводзім з невялікімі скарачэннямі.
Галоўныя пагрозы шчасця на зямлі
Акрамя войнаў і змены клімату — дзвюх галоўных пагроз чалавецтву, атрыманых у спадчыну ад 2023 года — аналітыкі і СМІ вылучаюць адну буйную новую. Яна тычыцца ў першую чаргу Захаду, але наступствы адчуе на сабе ўвесь свет.
Размова пра выбары. Яны абяцаюць змену ўлады ў ЗША і ў ЕС, што, сярод іншага, пагражае скарачэннем падтрымкі Украіны ў яе супрацьстаянні расейскай агрэсіі.
Сярод іншых патэнцыйных праблем для стабільнасці і росту дабрабыту ў свеце эксперты называюць паглыбленне эканамічнага крызісу. Адной з прычын можа стаць новы віток інфляцыі і яшчэ год жыцця з дарагімі крэдытамі. А таксама гандлёвая вайна ЗША і ЕС з Кітаем і праблемы ў самім Кітаі — лакаматыве росту сусветнай эканомікі.
Многія згадваюць штучны інтэлект і ў ліку рызык, і сярод кандыдатаў у выратавальнікі чалавецтва. Галоўная новая тэхналогія XXI стагоддзя пакуль у зачаткавым стане, як і рэгуляванне яе прымянення. Аднак у ёй закладзены такі схаваны патэнцыял як прагрэсу, так і разбурэння, што ШІ паступова становіцца галоўнай невядомай у прагназаванні будучыні.
Пакуль жа галоўныя пагрозы ва ўсіх сцэнарах 2024 года звязаныя з войнамі.
Вайна ў Еўропе, якую развязаў Уладзімір Пуцін супраць Украіны, далёкая ад завяршэння, як і канфлікт Ізраіля з ХАМАС і іншымі групоўкамі, які падтрымлівае Іран, на Блізкім Усходзе.
Эксперты вылучаюць у прагнозах дзве галоўныя рызыкі, звязаных з гэтымі войнамі.
Па-першае, кожная з іх рызыкуе ў любы момант перарасці ў маштабны рэгіянальны ці нават глабальны канфлікт. І па-другое, нармалізацыя ваеннай агрэсіі ў міжнародных адносінах і абмежаванасць рэсурсаў Захаду для дапамогі саюзнікам могуць надаць упэўненасці яго апанентам з супрацьлеглага лагера аўтакратаў, што прывядзе да новых войнаў.
Самыя змрочныя сцэнары дапускаюць прамое сутыкненне ЗША з Расіяй з-за Еўропы ці з Кітаем з-за Тайваня.
Так сцісла выглядаюць прагнозы на 2024 год. А вось што пішуць эксперты і СМІ пра дзве галоўныя невядомыя — войны і выбары.
Вайна
Расійскае ўварванне ва Украіну і амерыканскія войны ў Іраку і Афганістане абудзілі ў рэгіянальных лідараў на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы апетыт да сілавога развязання канфліктаў і зацяжной вайны.
Эксперты International Crisis Group (ICG) асцерагаюцца, што ўслед за Пуціным іншыя аўтарытарныя лідары ўвяжуцца ў ваенныя авантуры пры падтрымцы знешніх спонсараў — дзяржаў накшталт Ірана, якія разглядаюць рэгіянальныя канфлікты як проксі-вайну з вялікім ворагам, часцей за ўсё — ЗША.
«Спробы спыніць войны дыпламатычным шляхам паўсюдна церпяць няўдачу. Сярод кіраўнікоў дзяржаў усё больш тых, хто звяртаецца да вайны як сродку дасягнення палітычных мэтаў. І ўсё больш тых, хто верыць, што ім гэта сыдзе з рук», — піша ICG.
Галоўны жах — сутыкненне дзвюх найбуйнейшых дзяржаў планеты, ЗША і Кітая. Нагода можа з'явіцца ўжо ў студзені, калі на Тайвані пройдуць выбары.
Агрэсія Расіі супраць Украіны ўвайшла ў зацяжную стадыю вайны на знясіленне. Галоўная рызыка — у стомленасці ад яе ў Еўропе і на Захадзе — пагражае спыненнем ваеннай і фінансавай дапамогі Кіеву. У канцы года еўрапейскі пакет ветавала Венгрыя, а амерыканскае фінансаванне перакрылі рэспубліканцы ў Кангрэсе. У студзені ўлады ЕС і ЗША паўтораць спробы разблакаваць падтрымку, без якой Украіна рызыкуе застацца сам-насам з ядзернай дзяржавай-агрэсарам, гатовай кінуць усе рэсурсы на заваёву суседняй краіны.
Вайне Ізраіля з ХАМАС таксама не відаць канца. Да таго ж яна пагражае перарасці ў рэгіянальны канфлікт на Блізкім Усходзе. ЗША безумоўна падтрымліваюць Ізраіль, а Іран — яго смяротных ворагаў. Ізраіль ужо бамбіць цэлі ў Сірыі і Ліване. Хусіты з Емена абстрэльваюць заходнія гандлёвыя судны і ваенныя караблі, што прывяло да перабояў у сусветным гандлі.
Паліцыя ХАМАС нясе параненую дзяўчынку ў бальніцу. Фота: AP Photo/Mahmoud Essa
Працягваюцца або тлеюць іншыя ўзброеныя канфлікты — у Судане, Емене, М'янме, Самалі, Сірыі, Нігерыі. Эксперты асцерагаюцца, што іх колькасць у 2024 павялічыцца.
Сярод выбухованебяспечных сітуацый яны называюць супрацьстаянне Арменіі і Азербайджана, у якім пасля перамогі ў Нагорным Карабаху Баку можа паспрабаваць развіць поспех і паквапіцца на армянскія землі, што аддзяляюць асноўную частку Азербайджана ад яго эксклава — Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі.
Падобныя асцярогі звязаныя з Эфіопіяй. Там акрылены перамогай над унутранымі ворагамі прэзідэнт Абій Ахмед зноў заікаецца аб «праве» на выхад да мора, што немагчыма без чарговай вайны з суседняй Эрытрэяй.
Не вычарпаныя канфлікты ў краінах Сахелю. Сітуацыя ў Малі, Нігеры, ЦАР і Буркіна-Фасо застаецца вельмі нестабільнай.
А на Гаіці таго глядзі павінен высадзіцца міжнародны кантынгент на чале з паліцэйскімі з Кеніі. Яны паспрабуюць адваяваць краіну ў гангстараў, банды якіх кантралююць Гаіці і змагаюцца паміж сабой вось ужо больш за два гады.
Выбары
Надыходзячы 2024 год ужо называюць годам выпрабавання дэмакратыі. Як адзначае вядучая заходняя газета The Financial Times, яшчэ ні разу ў гісторыі дэмакратыі на адзін год не прыходзілася такой колькасці выбараў. Амаль 2 млрд чалавек — або палова дарослага насельніцтва планеты — адправяцца на выбарчыя ўчасткі ў 2024 годзе.
«Цяперашнія выбары праходзяць на фоне сусветнага ўздыму антылібералізму, паслаблення незалежных інстытутаў і росту расчаравання сярод моладзі ў самім інстытуце выбараў», — піша FT.
Адна пагроза тоіцца на «венгерскім шляху», як яго вызначае FT. Перамога на свабодных выбарах з наступным прыгнётам правоў і свабод. Менавіта такім шляхам рызыкуюць пайсці дэмакратычныя краіны ў стадыі развіцця з гіганцкім насельніцтвам — Індыя, Інданезія і Мексіка. Усім ім трэба будзе галасаваць у гэтым годзе.
У Расіі ў сакавіку 2024 года таксама адбудзецца галасаванне, якім будзе аформлены чарговы прэзідэнцкі тэрмін Пуціна. У катэгорыю «выбары» гэта падзея трапляе толькі ўмоўна, паколькі да дэмакратыі не мае ніякага дачынення: апазіцыя ў Расіі знішчаная, незалежныя арбітры ў асобе судоў, выбаркама і парламента падпарадкаваныя Крамлю, а адкрытая грамадская дыскусія і свабода слова крыміналізаваныя.
Фота: Mikhail Klimentyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Студзеньскія прэзідэнцкія выбары на Тайвані пагражаюць дэмакратыі не знутры, а звонку. Кітай вельмі пільна сочыць за рыторыкай кандыдатаў і пагражае прыняць меры, калі палічыць пераможцу «сепаратыстам». ЗША выступаюць гарантам бяспекі вострава і любое надзвычайнае здарэнне ў выпадку абвастрэння сітуацыі пагражае перарасці ў канфлікт двух вядучых сусветных ваенных і эканамічных дзяржаў.
Аднак галоўныя акты драмы пра лёс дэмакратыі будуць разыграныя ў апоры свабоднага заходняга свету. У лістападзе ЗША выбіраюць прэзідэнта, а ў 450-мільённым Еўрасаюзе па выніках чэрвеньскага галасавання зменіцца Еўрапарламент і кіраўніцтва ЕС.
У выпадку перамогі Дональда Трампа ў Белым доме зноў апынецца палітык, які не прызнае паразу на мінулых выбарах, абяцае адпомсціць унутраным палітычным ворагам і памілаваць сваіх прыхільнікаў, штурмавалі Капітолій, выгнаць імігрантаў, адмяніць маштабную праграму барацьбы са змяненнем клімату і, галоўнае, памяняць знешнюю палітыку ЗША, што пагражае іх ролі гаранта бяспекі для іншых краін Захаду.
У Еўропе ж на ўздыме правыя папулісты. Яны напэўна павялічаць прадстаўніцтва ў Еўрапарламенце і ва ўладзе некаторых краін ЕС, што падарве ролю Еўрасаюза як заходняга лідара ў барацьбе са зменай клімату і прасоўванні сацыяльнай роўнасці.
Чытайце таксама:
Сем прадказанняў на 2024 год з 1924 года
Вайсковы эксперт дае прагноз па сітуацыі на фронце ва Украіне на наступны год