Міністэрства абароны будуе новы вайсковы гарадок за 40 км ад мяжы з Украінай. Што пра яго вядома?

У пачатку 2023 года беларускія СМІ заўважылі, што за сродкі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2023—2027 гадах плануецца пабудаваць новы вайсковы гарадок і палігон у Гомельскай вобласці, недалёка ад мяжы з Украінай. Цяпер «Радыё Свабода» атрымала фота пашпарта аб’екта ды здымак з месца будаўніцтва і пагаварыла з экспертамі, што менавіта там можа знаходзіцца.

08.01.2024 / 18:09

Планавалася, што на гэтыя мэты з бюджэту ў 2023 годзе будзе выдзелена 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — 10 і 40 мільёнаў адпаведна. Праект мусілі распачаць у 2023-м і скончыць у 2027-м.

Будаўніцтва новага вайсковага аб’екта можа быць звязана з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, агучанымі ў траўні 2022 года. Тады ён заявіў пра стварэнне ва Узброеных сілах «Паўднёвага аператыўнага камандавання». Паводле іншай версіі, агучанай праектам Motolko.help, там могуць быць размешчаныя вайскоўцы Сіл спецыяльных аперацый.

Дзе і хто будуе

Дакладнае месца будаўніцтва афіцыйна не раскрывалася. Крыніцы «Свабоды» зафіксавалі будаўнічую актыўнасць на тэрыторыі былога піянерскага лагера «Чайка» ў Гомельскім раёне. Гэта прыблізна пасярэдзіне паміж Гомелем і Рэчыцай, да мяжы з Украінай адсюль вядзе асфальтаваная дарога. Адлегласць да памежнага пераходу ў Новай Гуце каля 40 кіламетраў. Паводле суразмоўцы, на месцы былога лагера цяпер знаходзіцца будаўнічая тэхніка, рабочыя займаюцца пракладаннем камунікацый.

«Ад горада да аб’екта ўздоўж трасы цягнуць гнуткую трубу, відаць, пад кабель ці сувязь», — сцвярджае суразмоўца.

З пашпарта аб’екта, размешчанага на плоце былога лагера, вынікае, што замоўца будаўніцтва — Упраўленне капітальнага будаўніцтва Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Генеральны падрадчык — Гомельскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічае ўпраўленне № 243. Праект быў распрацаваны інстытутам «Ваенпраект». Тэрміны будаўніцтва першай чаргі гарадка: кастрычнік 2023 — сакавік 2024 года.

«Не выключана, што вайсковы гарадок будзе разбудаваны не толькі на тэрыторыі былога лагера «Чайка», але і закінутых суседніх лагераў — «Галактыка», «Лясная паляна», «Ліцейшчык». Там пакуль не вядзецца ніякай дзейнасці, але «чужых» адтуль ужо выгналі. Напрыклад, з піянерскага лагера «Галактыка» выгналі аматараў страйкбола, якія раней там стала займаліся», — сцвярджае суразмоўца «Свабоды».

Непадалёк ад новага аб’екта цяпер дзейнічае 1393-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, вайсковая часць № 52208.

Пашпарт аб'екта

Незапатрабаваны лагер

Летнікі «Лясная паляна», «Ліцейшчык», «Чайка», «Галактыка» былі пабудаваныя ў лясах пад Гомелем у савецкі час, пераважна ў 60-я гады. Гэта былі профільныя лагеры — у асноўным для дзяцей работнікаў прамысловых прадпрыемстваў горада.

На сайце Камітэта дзяржаўнай маёмасці ў 2021 годзе заяўлялі аб продажы лагера «Чайка». Раней летнік належаў гомельскаму будаўнічаму трэсту № 14. Прадпрыемства прадавала з аўкцыёну сваю маёмасць, у тым ліку і летнік. Ён быў пабудаваны ў 1968 годзе пад вёскай Прыбар Гомельскага раёна.

Лагер не выкарыстоўваўся з 2016 года. Ён мае агульную плошчу амаль 6500 квадратных метраў. У 2021 годзе летнік прадавалі для ахвотных з магчымым кірункам дзейнасці «сацыяльна-бытавога ці вытворчага прызначэння».

Інфармацыі пра новага ўласніка лагера ў агульным доступе няма. З першага разу летнік «Чайка» не ўдалося прадаць — не было ахвотнікаў. На другі аўкцыён уласнік скінуў цану на 20% і прасіў за лагер 807 010,40 беларускага рубля.

«Паглядзім, які сцяг там падымуць»

Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў у каментары «Свабодзе» зазначыў, што, хутчэй за ўсё, у новым вайсковым гарадку будзе размешчаны гарнізон, задачай якога будзе прыкрыццё дзяржаўнай мяжы.

«Па-мойму, у Беларусі пакуль абарончая ваенная дактрына засталася, у адрозненне ад расійскай. Але калі адбудзецца палітычнае аб’яднанне Беларусі і Расіі, тады дактрына зменіцца на наступальную. Тады гэта будзе вайсковая база для нападу», — лічыць эксперт.

Ён не выключае, што гарадок могуць аддаць у карыстанне расійскім вайскоўцам, як гэта адбылося з аэрадромам у Зябраўцы (Гомельскі раён) і Вялікі Бокаў (Мазырскі раён).

«Тут пакуль 50 на 50. Я лічу, што працэс аб’яднання Беларусі і Расіі непазбежны. На сёння супрацьпаветраныя сілы Беларусі ў падпарадкаванні і інтэграцыі ў агульнай сістэме, як яны любяць казаць, «саюзнай дзяржавы», як і памежныя службы. Памятаеце, як у студзені 2022 года былі вучэнні, мэтай якіх было «адпрацоўванне пытання бяспекі саюзнай дзяржавы», і чым гэтыя вучэнні скончыліся? Таму і цяпер гэта пытанне 50 на 50. Ці беларускае войска ўвальецца ў войска «саюзнай дзяржавы», ці тут будзе база расейскіх вайскоўцаў як часткі сістэмы «бяспекі саюзнай дзяржавы», — гаворыць Алег Жданаў.

Ён дадаў, што «не здзівіцца», калі ўздоўж мяжы з Украінай будзе пабудавана яшчэ некалькі такіх аб’ектаў.

«Мяркуецца, што мы ўсё-такі рана ці позна будзем часткай Еўропы. Адпаведна, Украіна трапіць у катэгорыю магчымага праціўніка. Як цяпер Пуцін заяўляе пра аднаўленне Ленінградскай вайсковай акругі, бо «фіны такія нядобрыя, уступілі ў НАТА», — тлумачыць эксперт.

Гаворачы пра даволі сціслыя тэрміны будаўніцтва, Алег Жданаў зазначыў, што «яны вельмі спяшаюцца».

«Хто заселіць базу? У сакавіку паглядзім, які сцяг там будзе ўзняты», — дадаў ён.

Перадавая база пры нападзе на Украіну?

Былы беларускі афіцэр, які зараз ваюе ў складзе Палка Каліноўскага (у мэтах бяспекі сваякоў у Беларусі ягоныя імя і пазыўны не называюцца, — РС) у каментары «Свабодзе» выказаўся, што новы вайсковы гарадок можа стаць перадавой базай пры магчымым нападзе на Украіну з поўначы.

«Хутчэй за ўсё, у будучыні расейцы, улічыўшы свае ранейшыя памылкі, будуць атакаваць Чарнігаў з боку Расійскай Федэрацыі. Гэтая ж база на тэрыторыі Гомельскай вобласці ім трэба будзе для ратацыі, забеспячэння і так далей», — кажа вайсковец.

На ягоную думку, расейцы могуць у будучыні планаваць захапіць Чарнігаў, і гэта для іх будзе «перамога» — захоп абласнога цэнтра Украіны і плацдарм для нанясення ўдараў па Кіеве.

Чытайце таксама:

Кіраўнік АНТ Маркаў: Мне б хацелася, каб мы пайшлі далей, каб у атачэнні «Вагнера» і 3214 пілі спакойна каву на Елісейскіх палях

«З-за дурной галавы». Прапаганда патлумачыла, чаму тыктокерку ў форме звольнілі з Мінабароны

Міністр абароны Хрэнін прыватызаваў апартаменты ў цэнтры Мінска. Вядома, з рублёвай растэрміноўкай

Nashaniva.com