У Францыі самы малады прэм'ер у гісторыі. Ім стаў 34-гадовы адкрыты гей
Габрыэль Аталь, якога называюць вундэркіндам французскай палітыкі, раней займаў пасаду міністра адукацыі.
09.01.2024 / 14:47
Габрыэль Аталь, прэм'ер Францыі (злева), і прэзідэнт Эманюэль Макрон. Архіўнае фота, кастрычнік 2023 года, Ludovic Marin Pool via AP
Пасля адстаўкі непапулярнай Элізабэт Борн прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон прызначыў новага прэм'ер-міністра.
Ім стаў 34-гадовы Габрыэль Аталь, які дагэтуль працаваў міністрам адукацыі, а да таго — міністрам бюджэту, дзяржаўных рахункаў і грамадзянскай адміністрацыі, а яшчэ перад тым — прэсавым сакратаром урада.
Аталь стаў самым маладым кіраўніком Кабінета міністраў у гісторыі Францыі.
Аталь — адкрыты гей. Ëн жыў у грамадзянскім саюзе з дэпутатам ад урадавай партыі. Ëн нетыповы для французскага палітыка і сваім паходжаннем: ягоны тата — выхадзец з туніскіх габрэяў, а мама — праваслаўная, каранямі з адэскіх грэкаў.
Аталь мае рэпутацыю добрага камунікатара і чалавека леваліберальных поглядаў. У той жа час ягоны досвед кіравання невялікі: на пасадзе міністра адукацыі ён правёў усяго паўгода.
Чытайце таксама:
У Францыі прапанавалі ўвесці «сухі студзень». Макрон не падтрымаў і яго захейцілі