Кодла Бондаравай накінулася на слова «вакацыі». І зноў села ў лужыну

Прарасійскія ахоўніцы чысціні беларускай мовы ад польскіх уплываў чарговы раз паказалі сваю бездапаможнасць у гісторыі і мовазнаўстве.

11.01.2024 / 01:07

Вольга Бондарава на вакацыях. Калісьці Бондарава атрымала судзімасць за кантрабанду цыгарэт у Польшчы, а цяпер змагаецца супраць усяго польскага і таго, што ёй такім падаецца. Фота: сацсеткі 

У тэлеграм-канале «Белоруска «топит» з’явіўся допіс з абурэннем тым, як праўладны Беларускі саюз мастакоў называе свае выставы. У назве выставы «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях» блогерка зачапілася за апошняе слова. 

«У мяне пытанне да тых людзей, хто ўзгадніў выставу, у вас пытанні не ўзніклі да назвы?? У беларускай мове няма слова «ВАКАЦЫІ», гэта чыста польскае слова!» — заявіла аўтарка канала.

Слоўнікавыя артыкулы з руска-беларускага слоўніка, у якіх блогеркі не адшукалі варыянта «вакацыі». Фота: тэлеграм-канал «Белоруска «топит»

У якасці доказу блогерка прывяла фотаздымкі з руска-беларускага слоўніка, дзе да словаў «отпуск» і «путешествие» прыводзіліся зусім іншыя беларускія адпаведнікі — «водпуск», «адпачынак» для першага і «падарожжа», «вандраванне» для другога. Пры гэтым гугл-перакладчык даваў пераклад слова «отпуск» на польскую wakacje, з чаго былі зроблены адназначныя высновы.

«Вы там за якую культуру выступаеце? Ці ў нас тут Крэсы ўсходнія?» — абурылася блогерка.

«Аднаго моўнага тэрарыста выпілілі (маецца на ўвазе Ігар Случак, які быў вымушаны пакінуць Беларусь. — «НН»), які доўгія гады кашмарыў беларускія прадпрыемствы і ўносіў раскол па моўнай прыкмеце, дык унутры старанна спрабуюць апалячыць і забіць выдуманым шлакам пад беларускую».

Першая ахвяра моўных нападак канала — аб’ява з надпісам «Файных вакацый!»

З той жа прэтэнзіяй канал ужо накідваўся па «просьбе неабыякавых бацькоў» на аб’яву з надпісам «Файных вакацый!» на партале Знай.бай.

Кожны «мовазнаўчы» допіс гэтага канала перапошчвае да сябе інфаказачка Вольга Бондарава. Нягледзячы на тое, што гродзенская актывістка цяпер вучыцца на другім курсе філалагічнага факультэта БДПУ, ведаў па беларускай мове і навыкаў у пошуку інфармацыі ёй гэта не дадае. 

Нават тых, хто пакідае пад такімі «мовазнаўчымі» допісамі спасылкі на актуальныя слоўнікі і тлумачыць неабазнанасць актывістак у тэме, Бондарава блакуе, каб не заміналі ціснуць беларушчыну.

Ніводная з прарасійскіх блогерак так і не здагадалася, што «вакацыямі» ў беларускай мове называюцца канікулы.

Пры тым абодва словы з’яўляюцца запазычанымі з лацінскай мовы. Канікулы паходзяць ад лацінскага «canicula» — «сабачка», што адсылае да рымскай практыкі перарывацца на адпачынак з 22 ліпеня па 23 жніўня, у перыяд найбольшай спёкі, у так званыя «сабачыя дні» («dies caniculares»). Гэты перыяд супадаў з часам, калі на ранішнім небе бачная зорка Сірыус, якую таксама называлі «Canicula» («маленькі сабака», «сабачка») і якая ўваходзіць у сузор’е Вялікага Пса.

А вакацыі паходзяць ад слова «vacatio», што азначае «вызваленне, адпачынак» і ўзыходзіць да праіндаеўраўпейскага «*wan» са значэннем «пусты».

Слова «вакацыі» дакладна існуе ў беларускай мове, што пацвярджаюць дзясяткі слоўнікаў, даступных у тым ліку ў інтэрнэце, сярод якіх пяцітомны савецкі «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», выдадзены ў 1977-1984 гадах, і апошні акадэмічны «Слоўнік беларускай мовы», які быў выдадзены ў 2012 годзе.

Змітрок Бядуля і Якуб Колас добра ведалі і ўжывалі слова «вакацыі». Фота: Wikimedia Commons

Таксама слова «вакацыі» шырока ўжываецца беларускімі аўтарамі. Вось прыклады з аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця»:

«Загорская сямігодка была распушчана на два тыдні зімовых вакацый».

«Прыедзеш на зімнія вакацыі — зайдзі да нашых».

«Пачалася школьная работа, і час праходзіў борзда. Незаметна набліжаліся зімнія вакацыі. Нічога не ведала Аленка пра Сцёпку».

«Праз тыдзень пасля таго, як быў пушчан канал, паехаў Сцёпка вучыцца: кончыліся летнія вакацыі».

Ці вось яго згадвае ў рамане «Язэп Крушынскі» Змітрок Бядуля:

«Нас, рабфакаўцаў, адпушчаюць на зімовыя вакацыі. Навін ніякіх. Жыў. Здароў. Паступіў у комсамол».

Або Алесь Гарун у абразку «Датрымаў характар»:

«Тата ведаў жа, калі мы маемся прыехаць на вакацыі, і, калі выязджаў, пэўна ж прыказываў цётцы, як нас трымаць».

«То ж вялізнае надужыццё цяпер нас змушаць да навукі. Вакацыі — саўсім не пара для навукі!»

Артыкул «Вакации» ў 5-томе расійскага Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона (1891)

І варта адзначыць, што слова «вакацыі» існуе не толькі ў беларускай, але і ў рускай мове.

Вакацыям прысвечаны асобны артыкул 43-томнага расійскага дарэвалюцыйнага Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона. Там яны называюцца часам, «на які службовыя асобы штогод вызваляюцца ад службовых заняткаў для адпачывання». Пры гэтым вакацыі даваліся толькі Урадаваму Сенату, судовым месцам, маскоўскаму камітэту для разбору і догляду тых, хто просіць міласціну, і, нарэшце, навучальным установам.

Якуб Колас, які доўгі час настаўнічаў за часамі Расійскай імперыі, ведаў слова «вакацыі», відавочна, не з польскай мовы, а з уласнай працоўнай практыкі.

Смешна, што прарасійскія актывісткі не толькі не разбіраюцца ў беларускай мове, але зусім не ведаюць сваёй «вялікай рускай літаратуры». «Вакацыі» ўжывалі ўсе рускія класікі.

Міхаіл Лермантаў, Леў Талстой і Тарас Шаўчэнка добра ведалі і ўжывалі слова «вакацыі». Фота: Wikimedia Commons

Леў Талстой у рамане «Вайна і мір»:

«Он все время путешествия испытывал радость школьника на вакации».

Міхаіл Лермантаў у лісце да Марыі Шан-Гірэй:

«Зная вашу любовь ко мне, я не могу медлить, чтобы обрадовать вас: экзамен кончился и вакация началась до 8-го января, следственно она будет продолжаться 3 недели».

Тарас Шаўчэнка ў аповесці «Блізнюкі»:

«Степан Мартынович распускает своих учеников в домы родительские и наказывает, чтобы прибывали в школу не раньше Вознесения Христова. По примеру семинарскому он тоже сделал вакацию своим школярам».

Уся гэтая інфармацыя свабодна даступная для ўсіх, хто падключаны да інтэрнэту, але мэта ў кодлы Бондаравай не высвятляць праўду, а нападаць на ўсё беларускае, якое імі абвешчана польскім.

Афіша выстаўкі, чыя назва не спадабалася прарасійскім актывісткам.

Выстаўка «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях» праходзіць у сталічным Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў да 18 лютага. У фокусе экспазіцыі — фотаздымкі класікаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцвет, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

@nashaniva Прыхільніца рускага міру накінулася на беларускую мову #беларусь #навіны #беларусьсейчас #беларускіцікток #нашаніва #беларускаямова #белорусскийязык #белорусы ♬ TRANSGENDER (PEARL WHITE VIP) - PEARL WHITE

Чытайце таксама:

На Гомельшчыне далажылі пра поўную перамогу над лацінкай

Інфаказачку Вольгу Бондараву ўзнагародзілі медалём. Але якім!

Пад атаку Бондаравай патрапіў рэпер Сярога. Прычына вельмі сур'ёзная 

«У нас Эйсманту можна ўсё?» Бондарава атакавала кіраўніка БТ за навагодні канцэрт

Ф. Раўбіч