Зяленскі расказаў, калі прыйдзе дзень новага шанцу для Беларусі
Падчас звароту да літоўскага народа ў ходзе візіту ў Вільню 10 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сярод іншага згадаў і пра Беларусь ды пра яе шанцы здабыць свабоду.
10.01.2024 / 19:20
Скрыншот з відэа
«Цяпер, калі Масква спрабуе вярнуць сваю старую імперыю ўсім спектрам сучаснай зброі, наша ўкраінская смеласць — гэта таксама і вам дапамога. Наша з вамі адзінства — гэта таксама і вам гарантыя бяспекі. Стойкасць нашых воінаў — гэта таксама і ваша стойкасць.
І наша ўкраінскае прадчуванне, што Расія не вытрымае, калі працягваць біць яе. Гэта таксама пацвярджэнне нашай з вамі рацыі. Слушнасці нашага агульнага гістарычнага выбару, выбару быць незалежнымі», — сказаў Зяленскі, звяртаючыся да літоўскага народа падчас свайго сённяшняга візіту ў Вільню.
Ён адзначыў, што калі ўсе, хто прагне свабоды, дапамагаюць адзін аднаму, то свабода кожнага выйграе.
«Гэтае правіла неаднаразова спрацавала ў гісторыі, спрацуе і цяпер для ўсіх нас… Любая імперыя будуецца на першых абломках пасля вызначальнай паразы свабоды, і захоп Украіны трэба Маскве менавіта для гэтага.
Але мы разам мяняем гісторыю да лепшага. Не будзе такога дня пасля Украіны. Будзе дзень пасля вайны, будзе дзень пасля Пуціна.
І гэта будзе дзень нашай бяспекі і гарантаванай вашай непарушнай свабоды, мірнага жыцця Літвы, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі, Швецыі, усіх дзяржаў, чый лёс Расія цяпер спрабуе трымаць у сумневах. Гэта будзе дзень новага шанцу для Беларусі, шанцу, якога Беларусь заслугоўвае», — заявіў Зяленскі.
Чытайце таксама:
«Ніякага ціску ад партнёраў адносна спынення нашай абароны няма» — Зяленскі ў Вільні
Як падчас вайны падарожнічае Зяленскі, калі самалётам з Кіева не вылеціш?