Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі дыпламатычных місій у Варшаве. Спіс удзельнікаў сустрэчы ўражвае

На сустрэчы са Святланай Ціханоўскай прысутнічалі прадстаўнікі каля 35 краін. У тым ліку дыпламаты Арменіі, Аргенціны, Чылі, а таксама Украіны.

11.01.2024 / 09:51

На сустрэчы са Святланай Ціханоўскай прысутнічалі прадстаўнікі каля 35 краін. Фота: прэс-служба палітыка

Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі, Павел Латушка, Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык правялі брыфінг для дыпламатаў, якія знаходзяцца ў Варшаве. Брыфінг прайшоў у пасольстве Канады.

Ціханоўская расказала пра сітуацыю з палітвязнямі, асабліва пра тых, каго трымаюць у рэжыме інкамунікада, і заклікала да больш рашучых дзеянняў для іх вызвалення з прыцягненнем міжнародных арганізацый, паведамляе прэс-служба палітыка.

Ціханоўская папрасіла трымаць Беларусь на парадку дня і не дазволіць Расіі паглынуць Беларусь. Яна ўзняла пытанне еўрапейскай будучыні для Беларусі, а таксама тое, што для беларусаў вельмі важна бачыць пазітычную альтэрнатыву «рускаму свету».

Ціханоўская заклікала актывізаваць міжнародныя механізмы па прыцягненню рэжыму да адказнасці.

Таксама яна папрасіла ўсе краіны спрасціць працэдуры легалізацыі беларусаў: выдачу віз, відаў на жыхарства, статуса міжнароднай абароны. Яна таксама расказала пра новыя беларускія пашпарты.

Падчас дыскусіі слова ўзялі паслы Германіі, Швецыі, іншых краін. Пытанні ў асноўным тычыліся знаходжання беларусаў за мяжой, новага пашпарта, сітуацыі ў Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі паслы Іспаніі, Нідэрландаў, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Літвы, Украіны, а таксама Арменіі, Аргенціны, Чылі, змены ў якіх цяпер прыцягваюць увагу свету.

Асобна Ціханоўская правяла сустрэчу з канадскім паслом, на якой абмеркавалі магчымы візіт у Атаву, падтрымку грамадзянскай супольнасці і інструменты ціску на рэжым і прыцягненне яго да адказнасці.

Nashaniva.com