Былы актывіст «Альтэрнатывы» п'яным патануў у Турцыі. І навёў блытаніны, выдаючы сябе за падпалкоўніка-путчыста
Падрабязнасці трагічнай гісторыі, пра якую пішуць медыя ў турэцкай Анталіі.
11.01.2024 / 11:48
«Аляксей Шубара (Aliaksei Shubara), які служыў падпалкоўнікам у сваёй краіне Беларусі, узяў удзел у няўдалай спробе перавароту, пасля чаго аказаўся ў вышуку і ўцёк у Англію. Ён патануў на ўзбярэжжы Тасмур у Аланіі, куды прыехаў у адпачынак», — паведамляе турэцкае выданне, удакладняючы, што беларус пайшоў у мора голым і п'яным.
Хто ж гэты падпалкоўнік-путчыст? У лукашэнкаўскіх указах аб пазбаўленні званняў сумленных афіцэраў такога прозвішча няма.
У інтэрнэце Аляксей Шубара згадваецца адзін раз у 2015-м годзе, калі ён выйшаў у Мінску з плакатам, які асуджаў імперыялізм Пуціна. Шубара дзейнічаў як актывіст малалікай арганізацыі «Альтэрнатыва», заснаванай былым маладафронтаўцам Алегам Корбанам.
Тады Шубару затрымалі і судзілі па адміністратыўцы, паведамляла «Свабода».
«Аляксей Шубара — звычайны хлопец, жыве ў здымнай кватэры на вуліцы Ангарскай. Працуе ў будаўнічай фірме, больш-менш зарабляе на жыццё, мае сям’ю, выхоўвае малалетняе дзіця», — сказаў тады пра яго Корбан.
Больш ніколі і нідзе такі чалавек не згадваўся.
«Наша Ніва» звярнулася да баз «Белпола» і высветліла, што з вялікай імавернасцю патанулы — той самы чалавек з плакатам, таму што супадаюць імя і ўзрост.
Тады прычым тут нейкі «падпалкоўнік»? Шубара ніколі ім не быў. Выглядае, ён прыпісаў сабе біяграфію свайго бацькі.
Аляксей нарадзіўся ў расійскім Нальчыку, вырас у Беларусі, вышэйшай адукацыі не меў, працаваў станочнікам і бетоншчыкам.
Прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, але кампенсаваў шкоду і не сеў у турму. Ёсць парушэнні за п'янку ў грамадскім месцы, безбілетны праезд і пару адміністратывак па лініі ДАІ.
Маці Аляксея працавала ў Галоўным упраўленні юстыцыі Мінаблвыканкама.
А вось бацька — сапраўды міліцыянер. У 2001-м сышоў на пенсію ў званні падпалкоўніка з пасады старэйшага інспектара-дзяжурнага спецпадраздзялення па канваяванні ГУУС Мінгарвыканкама.
Малаімаверна, што Шубара нават быў удзельнікам падзей 2020 года. Пасля той самай адной акцыі ў 2015, калі ён атрымаў пратакол па 23.34, запісы аб ім у беларускіх базах адсутнічаюць. Гэта сведчыць на карысць той версіі, што ён, атрымаўшы адміністратыўку, у тым жа годзе выехаў з Беларусі. Гэта падобна да схемы па атрыманні палітычнага прытулку праз згадку ў СМІ і наяўнасць палітычнага артыкула.
Цела Шубары будзе пахавана на могілках для бяздомных, калі яго не забяруць цягам 15 сутак.
Чытайце таксама:
У Швейцарыі памёр беларус з палка «Пагоня». Меркавана, яго збілі афрыканскія мігранты
У Варшаве ва ўласным пабе загінуў беларус
Што здарылася з журналісткай Марынай Біруковай, якая загінула ў Варшаве