«Навошта яе ўвогуле пасадзілі?» Лукашэнка пра жанчыну, якая атрымала 6 гадоў за забойства мужа-агрэсара

Адной з навін, прапанаваных для абмеркавання на нарадзе ў Лукашэнкі 11 студзеня, стала скарачэнне тэрміну пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, якія маюць на ўтрыманні трох і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, не пазбаўленым бацькоўскіх правоў, асуджаных за забойства або цяжкае цялеснае пашкоджанне, пацягнуўшае смерць без абцяжарваючых адказнасць прыкмет.

11.01.2024 / 14:43

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прывёў прыклад па гэтай катэгорыі вязняў, распавядае sb.by.

Так, адна з асуджаных адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў за забойства мужа. Да асуджэння характарызавалася здавальняюча.

Працавала адміністратарам кавярні, мае вышэйшую адукацыю. На ўтрыманні — трое малалетніх дзяцей. Бацькоўскіх правоў не пазбаўлена, дзеці знаходзяцца пад апекай у дзядулі.

Злачынства здзейсніла падчас сваркі на глебе непрыязных адносін з мужам, ударыўшы яго нажом у грудзі.

У дзень злачынства муж кідаў жонку на падлогу, разбіў ёй галаву, вырываў з рук тэлефон, не даваў магчымасці звярнуцца па дапамогу і пакінуць кватэру. Хуткую дапамогу жанчына выклікала сама, да яе прыезду аказвала мужу першую медыцынскую дапамогу. 

— Навошта яе наогул пасадзілі, калі яна абараняла сябе, калі муж здзекаваўся з яе, — задаў пытанне Лукашэнка. — Вось таму нам трэба прынцыпова з кожным чалавекам разбірацца, а не чохам іх вызваляць або караць. Наогул не было чаго саджаць яе.

— У кожным канкрэтным выпадку рашэнне будзе прымацца індывідуальна, — адказаў Іван Кубракоў.

Закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі няма. 

Nashaniva.com