Навошта на нарадах Лукашэнкі шклянкі з вадой накрываюць накрыўкамі?

Адказ на гэтае пытанне можа вас здзівіць. 

12.01.2024 / 08:00

Любое пратакольнае мерапрыемства падобнае да шахматнай партыі: за ўсімі фігурамі на дошцы замацавана сваё асаблівае месца і рухацца яны могуць выключна прадказальным спосабам. Нарады Лукашэнкі з беларускімі чыноўнікамі — не выключэнне. Усё — ад рассадкі ўдзельнікаў да таго, як арганізаваны стол перамоваў — мае вялікае значэнне.

Якія месцы за сталом зоймуць чыноўнікі, узгадняецца загадзя. Звычайна бліжэй за ўсё да Лукашэнкі сядзяць ягоныя давераныя асобы. Напрыклад, ганаровае месца побач з ім нярэдка дастаецца старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.

Фота: сайт Лукашэнкі

Падчас працы ўдзельнікі сустрэчы могуць пачаставацца вадой. На стол яе падаюць у закрытых бутэльках: іх старанна праціраюць ад пылу і адкрываюць толькі за 5-15 хвілін да прыходу чыноўнікаў. Такое правіла абумоўлена патрабаваннямі бяспекі — адкрытыя бутэлькі ніколі не павінны заставацца без увагі.

Усе безалкагольныя напоі загадзя астуджаюць да 10-12 градусаў. Выключэнне складае мінеральная вада «Баржомі», якую прынята трохі падаграваць.

Але часцей за ўсё вада на пасяджэннях урада негазаваная. Яе разліваюць па круглых шклянках з тоўстым дном — гэта адбываецца таксама незадоўга да пачатку мерапрыемства. Каб паменшыць гук судотыку шклянкі з драўлянай паверхняй стала, яе ставяць на падстаўку або сурвэтку.

Посуд напаўняюць вадой на ⅔ і потым накрываюць яго спецыяльным папяровым вечкам. Гэтая традыцыя з'явілася не адно дзесяцігоддзе таму і таксама звязаная з трывогай аб здароўі прысутных. Лічыцца, што такі ход не дазволіць падмяшаць атруту ці іншыя прэпараты ў напоі важных гасцей.

Але часта гэтае правіла тлумачаць больш празаічна — так у ваду не зможа патрапіць пыл і іншыя непатрэбныя элементы.

Цікава, што звычайна шклянкі з напоямі ставяць на адлегласці сагнутай рукі госця, але служба пратакола Лукашэнкі грэбуе гэтым патрабаваннем. Яна ставіць шклянкі занадта далёка — так, каб у выпадку смагі чыноўніку давялося б усім целам цягнуцца за вадой. Зразумела, праз гэта прысутныя змушаныя абыходзіцца без вадкасцяў, што робіць іх знаходжанне на нарадах некамфортным.

Часам такія «пралікі» робяцца спецыяльна — каб падкрэсліць статус галоўнага чалавека і ў чарговы раз паказаць гасцям іх месца.

Чытайце таксама:

На сустрэчы з Лукашэнкам Наталля Качанава парушыла адразу тры правілы дзелавога дрэс-коду

Кацярына Гардзеева