ЗША і Брытанія нанеслі ўдар па Емене
Гэта адплата за напады на караблі ў Чырвоным моры.
12.01.2024 / 07:58
UK Mod
Авіяцыя і баявыя караблі ЗША і Вялікабрытаніі ў ноч на пятніцу нанеслі ўдары па ваенных аб'ектах групоўкі хусітаў у Емене, якія пры падтрымцы Ірана ў апошнія паўтара месяца разгарнулі паляванне на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры, піша Бі-бі-сі.
Згодна з заявамі як саміх хусітаў, так і амерыканскіх і брытанскіх крыніц, удары нанесеныя перш за ўсё па аэрадромах, адкуль, як мяркуе разведка саюзнікаў, запускаліся ракеты і дроны, а таксама па складах зброі і радарах.
Паводле слоў суразмоўцаў агенцтва Reuters у адміністрацыі ЗША, удары нанеслі самалёты, караблі і падводная лодка. CNN паведаміла са спасылкай на ананімнага прадстаўніка ўладаў ЗША, што ўжываліся ў тым ліку і крылатыя ракеты Tomahawk.
Прадстаўнікі еменскіх хусітаў назвалі некалькі аб'ектаў, па якіх ЗША і Брытанія нанеслі ўдары. Тэлекампанія CNN звяла гэтыя аб'екты ў кароткі спіс. У яго ўвайшлі
- вайсковая база Кахлан у правінцыі Саада;
- авіябаза Аль-Дайламі на поўнач ад сталіцы Емена Саны;
- раён аэрапорта горада Худайда на Чырвоным моры;
- аэрапорт горада Таіз і іншыя аб'екты ў правінцыі Таіз у паўднёва-заходнім куце Емена;
- аэрадром горада Абс.
Брытанскія каралеўскія паветраныя сілы абвясцілі, што іх самалёты нанеслі ўдары па дзвюх цэлях, і адной з іх быў аэрадром каля Абса. Паводле звестак разведкі, з яго хусіты запускалі крылатыя ракеты і дроны.
Другой цэллю быў комплекс у Бані, з якога, паводле звестак разведкі, запускаліся выведвальныя і ўдарныя дроны.
У прэс-рэлізе паветраных сіл Брытаніі гаворыцца, што ў налёце на Емен удзельнічалі чатыры іх самалёты Typhoon, якія даляцелі з базы на Кіпры з дазапраўкай у паветры. Удары яны нанеслі бомбамі Paveway IV са спадарожнікавым і лазерным навядзенні.
Адразу пасля ўдараў з заявамі выступілі адначасова прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак.
Байдэн сказаў, што гэта быў адказ на напады хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры і што ЗША з саюзнікамі без ваганняў нанясуць новыя ўдары, калі яны спатрэбяцца.
Рышы Сунак заявіў, што з пункта гледжання Брытаніі ўдар па хусітах быў самаабаронай.
«У апошнія месяцы хусіцкае апалчэнне правяло шэраг небяспечных нападаў на гандлёвае суднаходства ў Чырвоным моры, стварыўшы пагрозу для брытанскіх і іншых замежных судоў», — сказаў Сунак.
«Таму мы разам са Злучанымі Штатамі пры неваеннай падтрымцы Нідэрландаў, Канады і Бахрэйна распачалі абмежаваныя, неабходныя і суразмерныя дзеянні ў парадку самаабароны», — заявіў брытанскі прэм'ер.
Сунак запэўніў, што брытанскія караблі працягнуць патруляваць Чырвонае мора ў складзе місіі Operation Prosperity Guardian, ахоўваючы гандлёвыя судны, і заклікаў хусітаў спыніць напады на іх.
Ваяўнічыя заявы хусітаў
«Усе датычныя заплацяць за гэта. Мы не спынім атак, пакуль вы не сыдзеце з рэгіёна, і мы не спынімся таптаць вас, пакуль не ўбачым вас прыніжанымі. Емен цяпер дасць Брытаніі і Амерыцы ўрок на моры», — напісаў у Х сябар вайсковага кіраўніцтва хусітаў генерал-маёр Джахаф Абдулсалам.
Крыху пазней Абдулсалам абвясціў, што хусіты нанеслі ўдары ў адказ па караблях ЗША і Брытаніі ў Чырвоным моры. Пацверджанняў або абвяржэнняў з боку саюзнікаў на раніцу пятніцы яшчэ не было.
«Усе пагрозы амерыканцаў і брытанцаў нас не спалохалі і не спалохаюць, і не прымусяць нас адмовіцца ад выканання нашага абавязку — падтрымкі нашых братоў у Газе, — напісаў у сацсетках перад ударам іншы сябар кіраўніцтва хусітаў Абдулкадэр аль-Мартада. — Яны, хутчэй, умацуюць нашу веру і нашу ўпэўненасць у правільнасці нашай пазіцыі і праваце нашай справы».
Расія пасля ўдараў па хусітах падала запыт аб тэрміновым пасяджэнні Рады Бяспекі ААН 12 студзеня.