Стаў вядомы прысуд 67-гадовай Галіне Краснянскай, што вярнулася са Швецыі ў Беларусь

Галіну Краснянскую асудзілі згодна з артыкулам 361-3 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

13.01.2024 / 12:16

12 студзеня сяброўку арганізацыі «Беларусы Швецыі» Галіну Краснянскую асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі згодна з артыкулам 361-3 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). 

«Мы будзем працягваць падтрымліваць Галіну і яе сям’ю: заява праўлення «Беларусаў Швецыі». Мы абураныя несправядлівым прысудам у дачыненні да Галіны. З вытокаў нашай арганізацыі Галіна займалася развіццём беларускай культуры, ахвяравала частку сябе на развіццё супольнасці беларусаў у Швецыі, ладзіла тэатральныя гурткі. Галіна — адданая, шчырая беларуска, якая праз гады захоўвала моцную сувязь з беларускай культурай. Мы будзем працягваць падтрымліваць Галіну і яе сям’ю», — гаворыцца ў заяве праўлення «Беларусаў Швецыі».

Невядома, калі жанчына вярнулася ў Беларусь, але не раней за вясну 2023-га года. Апошняе абнаўленне ў яе фэйсбуку датуецца сакавіком, але апошнія фота са Швецыі — канцом 2022-га.

Дата затрымання невядомая таксама, але вінавацяць яе па другой частцы артыкула 361-3 Крымінальнага кодэкса. Па звестках «Вясны», звычайна гэта азначае ахвяраванне беларускім добраахвотнікам або на дапамогу Украіне. Жанчыне пагражала ад пяці да дзесяці гадоў турмы — іншага пакарання па артыкуле не прадугледжана.

Суд над Галінай Краснянскай пачаўся сёння ў Мінскім гарадскім судзе.

@nashaniva 67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Ёй прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі #беларус #беларусь #минск #швеция #вясна #нашаніва #беларусьсейчас #навіны #новостибеларуси ♬ Lovely Fire in Another Love - Gabriel Albuquerqüe

Nashaniva.com