За два тыдні на пажарах у Беларусі загінулі 47 чалавек
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ладзіць мерапрыемствы па прадухіленні пажараў.
13.01.2024 / 15:58
На пажары ў Слуцку 8 студзеня загінулі чатыры чалавекі. Фота: slutsk-gorod.by
З пачатку 2024 года ў Беларусі адбылося 278 пажараў, на якіх загінулі 47 чалавек, паведаміў 13 студзеня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіль Сіўчак.
Каб звярнуць увагу грамадзян на пытанні пажарнай бяспекі, 13-14 студзеня МНС «праводзіць шырокамаштабнае мерапрыемства».
«У рамках гэтага мерапрыемства плануецца наведванне дамоў грамадзян, тлумачэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, недапушчальнасці курэння ў стане алкагольнага апʼянення, недапушчальнасці пакідання дзяцей у небяспецы», — сказаў Сіўчак.
Таксама будуць правераныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.