Кіраўніца Еўрапарламента сустрэлася з Ціханоўскай і прадстаўнікамі палітвязняў
Старшыня Еўрапарламента Раберта Метсола сустрэлася ў Вільні са Святланай Ціханоўскай, а таксама з былымі палітвязнямі і іх сваякамі. Падчас гэтых сустрэч яна выказала падтрымку беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду.
13.01.2024 / 16:22
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
Ціханоўская заклікала Раберту Метсолу падтрымаць ідэю стварэння міжнароднага фонду падтрымкі сем'ям палітвязняў і рэабілітацыі тых, хто выйшаў з турмаў.
Таксама яна перадала ёй прапанову, каб прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, датычных да рэпрэсіяў, а таксама супраць прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу вязняў.
Раберта Метсола запрасіла Ціханоўскую ўзяць удзел у саміце Еўрапейскай народнай партыі, які пройдзе ў сакавіку ў Бухарэсце, каб зрабіць Беларусь адной з тэмаў падчас выбарчай кампаніі ў Еўрапарламент.
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
У другой частцы сустрэчы адбылася размова Раберты Метсолы са сваякамі палітвязняў і былымі палітзняволенымі, якія ўжо адбылі свой тэрмін, у тым ліку Андрэем Шарэндам, Аленай Лысковіч, Анатолем Хіневічам. Удзел у сустрэчы таксама брала прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі гісторыямі і заклікалі кіраўніцу Еўрапарламента звярнуць увагу на сітуацыю з палітвязнямі, іх сем'ямі, прыкласці намаганні па вызваленні палітвязняў.
Чытайце таксама:
Ціханоўскую паспрабавалі ўцягнуць ва ўнутрыпольскую палітыку. Ёй прыпісалі словы, якія яна не казала
Ціханоўская гаварыла са спікерам фінскага парламента па-беларуску, і ён яе разумеў
Святлана Ціханоўская сустрэлася з паслом ЗША ў Польшчы і паціснула лапу яго сабаку