Бутэлька пітной вады за сотні даляраў — новы трэнд сярод багатых. За што яны плацяць?
Ці чулі вы пра рэстараны, дзе замест вытанчанага віна прапануюць элітную ваду? Такая вада абяцае нашмат больш, чым звычайная мінеральная або водаправодная — яна таксама можа пазбавіць вас сотняў даляраў.
14.01.2024 / 12:15
Некаторыя гатункі вады можна нават спалучаць з ежай, як і віно. Фота: GETTY IMAGES
Вада прэміум-класа, або рафінаваная вада, паступае з прыродных крыніц, такіх як вулканічныя пароды, ледавікі або кроплі туману. Часам яе здабываюць прама з аблокаў, піша BBC.
Ці ёсць у вады смак?
Як і пры дэгустацыі вінаў, ёсць водныя самелье, якія ацэньваюць кожны прадукт на аснове яго мінеральнага складу, смаку і адчуванняў у роце.
«Вада — гэта не проста вада. Кожная вада адрозніваецца і мае смак», — кажа Мілін Патэль, кансультант па водах, які кіруе невялікай крамай у Лондане.
Ён праводзіць дэгустацыі для людзей, зацікаўленых у вывучэнні вады. Патэль сказаў Бі-бі-сі, што ён бярэ на сябе місію па інфармаванні людзей, асабліва маладога пакалення, аб розных відах вады і іх смаках.
«Памятаеце, у школе мы вывучалі натуральны гідралагічны цыкл — выпарэнне, кандэнсацыю і ападкі. Аднак мы прапусцілі адзін момант — рэмінералізацыю», — кажа ён.
«Такім чынам, калі дождж падае на зямлю, яна ўбірае ваду, а потым гэтая вада прасочваецца праз розныя пароды і глебы, напаўняючыся такімі мінераламі, як кальцый, магній, калій, дыяксід крэмнію і іншымі. Вось дзе вада набывае свой мінеральны смак», — дадае Патэль.
Вада з такіх крыніц, як айсбергі або дажджы, якія не прасочваюцца натуральным шляхам праз зямлю, звычайна мае меншы ўзровень цвёрдых рэчываў у параўнанні з вадой з крыніц і калодзежаў.
Патэль мае калекцыю разнастайнай вады з усяго свету, ад вады з-пад крана да высакаякаснай вады, якая каштуе больш за 300 даляраў за бутэльку.
«Мы даем людзям магчымасць бачыць у вадзе нешта іншае, чым вадкасць без смаку. Калі вы пачынаеце даследаваць ваду і свядома яе піць, вы можаце быць здзіўлены, колькі слоў можна выкарыстоўваць, каб апісаць яе», — кажа Патэль.
«Людзі выкарыстоўваюць такія словы, як «мяккі», «насычаны», «казытлівы», «аксамітны», «горкі», а часам і «кіслы». Я называю гэта смакам вады».
Конкурс дэгустацыі вады
Таварыства добрай вады збіраецца кожны год, аб'ядноўваючы вытворцаў якаснай вады з усяго свету — ад Бутана да Эквадора – і праводзячы міжнародныя дэгустацыйныя спаборніцтвы.
Большасць удзельнікаў штогадовага саміту — прадстаўнікі сямейных прадпрыемстваў, якія здабываюць ваду ў аддаленых раёнах.
«Спачатку дэгустацыя вады лічылася смешнай ідэяй», — кажа доктар Майкл Маша, сузаснавальнік Fine Water Society і Fine Water Academy.
«Я пачаў гэта рабіць каля 20 гадоў таму, калі мне прыйшлося кінуць піць алкаголь», — распавядае ён BBC.
«Калі віно раптоўна прыбралі, я азірнуўся вакол стала і раптам з'явілася яшчэ адна бутэлька, якую я раней не бачыў — вада. Я падумаў, што, магчыма, я мог бы выкарыстаць сваю цікаўнасць не толькі да віна, але і да вады», — сказаў ён.
Рафінаваная вада не толькі здавальняе смагу, лічыць ён. Гэта магчымасць даследаваць, дзяліцца і атрымліваць асалоду ад чагосьці асаблівага.
Расце попыт на чыстую ваду, кажа доктар Маша, і ён лічыць, што гэта звязана з жаданнем менш ужываць алкаголь і газаваныя безалкагольныя напоі, асабліва сярод маладога пакалення, больш схільнага да здаровага ладу жыцця.
Вада і ежа
Некаторыя рэстараны ў Іспаніі ці ЗША прапануюць ваду ў меню з некаторымі стравамі.
«Цяпер я ствараю воднае меню для трохзоркавага рэстарана Michelin у ЗША. Мы плануем прадставіць ад 12 да 15 старанна адабраных відаў вады, каб дапоўніць ежу і атмасферу», — кажа доктар Маша.
«Да рыбы вам пададуць іншую ваду, чым да біфштэксу. Яна павінна мець меншую мінеральнасць, каб не перабіваць смак рыбы».
Таксама доктар Маша працуе над праектамі элітных дамоў і кватэр, дзе замест вінных склепаў будуць «пакоі з вадой».
Доктар Маша адзначае, што пітная вада таксама папулярная сярод культур, якія адмаўляюцца ад алкаголю па рэлігійных прычынах, у першую чаргу на вяселлях. Гэта таксама выдатны альтэрнатыўны падарунак, каб замяніць дарагое шампанскае, сцвярджае ён.