Фрэдэрык X афіцыйна заняў дацкі прастол

Раніцай каралева Даніі Маргрэтэ II зраклася прастола на карысць свайго старэйшага сына.

14.01.2024 / 20:24

Кароль Фрэдэрык X з жонкай Мэры. Фота: AP Photo/Martin Meissner

Каралева нечакана аб'явіла пра сваё адрачэнне, выступаючы з навагоднім тэлезваротам да нацыі 31 снежня 2023 года. Яна не патлумачыла прычыну, чаму яна вырашыла пакінуць пасаду, але заявіла, што сур'ёзная аперацыя на спіне, якую яна перанесла ў лютым мінулага года, прымусіла яе задумацца пра сваю будучыню.

Каралева Даніі Маргрэтэ II падпісвае адрачэнне ад пасаду на карысць яе старэйшага сына Фрыдэрыка, 14 студзеня 2024 года. Фота: Reuters

Пасля 52 гадоў валадарання Маргрэтэ II падпісала адрачэнне ў час пасяджання Дзяржаўнай рады ў парламенце. 

Пазней прэм'ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен абвясціла новага караля на балконе парламента словамі «Няхай жыве кароль Фрэдэрык Х». У Капенгагене за падзеяй сачылі натоўпы людзей.

Дацкая каралеўская сям'я вітае натоўпы датчан перад палацам. Фота: AP Photo/Martin Meissner

У Даніі не прадугледжана каранацыя. 55-гадовы Фрэдэрык X у сваёй першай прамове падзяліўся сваімі памкненнямі:

«Я спадзяюся стаць каралём заўтрашняга дня, які аб'ядноўвае людзей. Гэта задача, да якой я падыходзіў усё сваё жыццё. Гэта задача, якую я выконваю з гонарам, годнасцю і радасцю».

Пасля прамовы пазней да караля на балконе далучыліся яго жонка і дзеці.

Каралеўская пара заняла дацкі трон у момант вялікай грамадскай падтрымкі манархіі. Апошняе апытанне, праведзенае пасля таго, як Маргрэтэ абвясціла пра сваё адрачэнне, паказала, што 82% датчан чакаюць, што Фрэдэрык «добра ці вельмі добра» справіцца з новай роляй. 86% сказалі тое ж самае пра ягоную жонку Мэры.

Чытайце таксама:

Каралева Даніі зракаецца пасаду

Тусіў на вечарынках, ганяў на аўто, меў мянушку «Пінгвін». Што вядома пра будучага караля Даніі

Nashaniva.com