Сёння «сіні панядзелак» — самы сумны дзень у годзе. Але не трэба адчайвацца

Самы дэпрэсіўны дзень года прыходзіцца на трэці панядзелак года.

15.01.2024 / 08:41

Паняцце «сіні панядзелак» увёў брытанскі псіхолаг Кліф Арнал у 2005 годзе.

Самую сумную дату для краін Еўропы ён разлічыў пры дапамозе спецыяльнай формулы, якая ўлічвала такія фактары, як кепскае надвор'е, адгуляныя святы, а таксама патрачаныя на падарункі грошы і даўгі, якія засталіся пасля заканчэння калядных і навагодніх святаў.

Безумоўна, такі падыход можа лічыцца ненавуковым, але факт ёсць фактам.

Сапраўды, сумны панядзелак прыпадае на перыяд, калі пасля яркіх зімовых святаў людзям трэба вярнуцца да паўсядзённай руціны і працы, а да адпачынку ў сярэднім застаецца палова года.

Таксама дадаюцца кароткі светлавы дзень і, як часта бывае ўзімку, адсутнасць сонца і сезонная дэпрэсія.

На думку псіхолагаў, справіцца з дэпрэсіяй і дрэнным настроем дапамогуць правільны рэжым сну, паўнавартаснае харчаванне, фізічная актыўнасць, прагулкі на свежым паветры, камунікацыя з роднымі і сябрамі, хатнія гадаванцы, праслухоўванне музыкі і іншыя забавы. 

Пазней быў разлічаны і самы аптымістычны дзень у годзе.

Лагічна, што ў Паўночным паўшар'і ён прыпадае на 20-я даты чэрвеня, калі самыя доўгія дні і максімум сонца.

Nashaniva.com