Мінчанку затрымалі з-за яе сумеснай фатаграфіі з малой дачкой. У руках у дзяўчынкі быў БЧБ-сцяжок
Відэа маці ў кайданках 15 студзеня апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, заўважыла «Люстэрка».
15.01.2024 / 11:19
У роліку жанчына сказала, што ў 2020 годзе гуляла з дзіцем па горадзе.
— З-за гэтага мяне і затрымалі. У нас няма ніякіх ні сцягоў, ні расцяжак, ні плакатаў. Наогул нічога.
— А што ў дзіцяці падчас гулянняў вашых у руках на фатаграфіі? — спытаў мужчына са змененым голасам.
— Маё дзіця зафіксаванае з чырвона-белым сцягам з канём. Абвінавачваюць па артыкуле … — прымусілі сказаць пад запіс жанчыну.
Прапагандысты абвінавацілі жанчыну ў перакрыцці дарог і ўдзеле ў вулічных маршах. Які яе працэсуальны статус і ці знаходзіцца яна дагэтуль за кратамі — невядома.