Гомельскіх школьнікаў прымусяць шукаць гераічнае мінулае ў Афганскай вайне. Цяпер ідэолагі назвалі яе «спецаперацыяй»

Услед за тэмамі пра Другую сусветную вайну і «генацыд беларускага народа» навучэнцаў Гомельскай вобласці абавязалі шукаць «гераізм» у савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан. Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама выдала загад аб правядзенні конкурсу, прысвечанага ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане і іншых «гарачых кропках». У раённых аддзелах адукацыі падрыхтавалі дакументацыю аб правядзенні конкурсу — яна апынулася ў распараджэнні «Флагштока».

15.01.2024 / 13:51

Трагічную гісторыю няўдалай вайны вырашылі выкарыстоўваць у ідэалагічных мэтах. У дакументах сцвярджаецца, што конкурс праводзіцца «ў мэтах выхавання ў падрастаючага пакалення пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму, удасканалення работы па ідэалагічным выхаванні навучэнцаў», а таксама «папулярызацыі гераічнага мінулага нашай Радзімы на прыкладах мужнасці і адвагі жыхароў Гомельскай вобласці, якія ўдзельнічалі ў лакальных войнах і ваенных канфліктах». 

Навучэнцаў плануюць абавязаць «папулярызаваць гераічнае мінулае Радзімы». Характэрна, што ў дакументацыі вайна ў Афганістане называецца не вайной, а «спецаперацыяй» — па аналогіі з цяперашняй расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. У адпаведнасці з умовамі конкурсу, не прымаюцца відэаролікі, «якія абражаюць добрыя якасці і пачуцці іншых людзей».

 

Мерапрыемства, прысвечанае 34-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў Буда-Кашалёўскім раёне

Конкурс прадугледжвае стварэнне відэаролікаў. Пераможцаў і прызёраў узнагародзяць дыпломамі і сувенірамі, а ўдзельнікаў выніковага этапу — статуэткамі. Расходы па набыцці сувеніраў і статуэтак ажыццяўляюцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, а камандзіровачныя расходы ўдзельнікаў і суправаджаючых павінны пакрываць мясцовыя аддзелы адукацыі. 

Яшчэ пры існаванні СССР інтэрвенцыя ў гэтую краіну была названая трагічнай памылкай, якая прывяла да катастрафічных наступстваў у самім Афганістане і гора ў дзясятках тысяч савецкіх семʼяў.

Толькі па афіцыйных даных, у гэтай вайне загінулі больш за 15 тысяч савецкіх вайскоўцаў, звыш 53 тысяч вярнуліся дадому параненымі і кантужанымі, больш за 10 тысяч — інвалідамі.

Чытайце таксама:

У Беларусі дазваляюць рэкламу алкаголю на тэлебачанні, але забараняюць рэкламу адукацыі і працы за мяжою

З гэтага года абітурыенты будуць паступаць па змененых правілах

На журфаку БДУ новы намеснік дэкана — фанат Лукашэнкі родам з Пскова

Nashaniva.com