Швед запатрабаваў завесці крыміналку за ўцечку інфармацыі пасля сустрэчы з «Рухам маці — 328»
Міліцыя па-ранейшаму пераследуе актывістак руху.
15.01.2024 / 15:05
Андрэй Швед. Фота: БелТА
Пасля Новага года іх зноў абтэлефаноўваюць, выклікаюць на допыты і правяраюць тэлефоны. Сілавікі спрабуюць выявіць адміністратараў сацсетак і тэлеграм-каналаў, якія аб'ядноўваюць сваякоў асуджаных, паведамляе Mayday.team.
5 снежня супрацоўнікі міліцыі прымусілі ліквідаваць вайбер-чат грамадзянскай ініцыятывы «Маці 328», у якім размаўлялі сваякі асуджаных за нарказлачынствы. Цяпер жа яны вядуць пошук тых, хто ў гэтым чаце быў. Сілавікоў цікавяць далейшыя планы сваякоў асуджаных, якія змагаюцца за змяншэнне тэрмінаў зняволення па артыкуле 328.
Паралельна ідзе ціск і на адміністратараў іншых пляцовак. Так, прымусілі выдаліць чат мазырскай папраўчай калоніі №20. Сілавікі вылічылі адміністратара, і аператыўны работнік прыгразіў рэпрэсіямі сваяку, які знаходзіцца ў зняволенні.
Вядома, што ў чэрвені мінулага года, пасля сустрэчы з «Маці-328» на выязным прыёме генпракурора Андрэя Шведа, апошні запатрабаваў завесці крымінальную справу па факце ўцечкі інфармацыі ў паблікі і СМІ, якія цяперашні рэжым незаконна абвясціў «экстрэмісцкімі».