Стала вядома, ад чаго загінулі ў гаражы двое студэнтаў у Горках

4 студзеня ў адным з гаражоў у Горках выявілі целы дваіх студэнтаў. Хлопцам было 21 і 20 гадоў. Падчас праверкі было высветлена, што хлопцы напярэдадні трагедыі адзначалі здачу экзамену, а пасля зладзілі вечарынку ў гаражы. Цяпер судовыя эксперты вызначылі і прычыну іх смерці.

15.01.2024 / 17:12

Фота: ДКСЭ

Як раней паведамлялася, трупы былі выяўленыя на пярэдніх сядзеннях аўто, ключ быў у замку запальвання ў становішчы «ўключана». Рухавік пры гэтым ужо не працаваў.

Фота: ДКСЭ

«У крыві памерлых знойдзены этылавы спірт у канцэнтрацыі, якая адпавядае лёгкай ступені ап'янення, і карбоксігемаглабін у смяротнай канцэнтрацыі (злучэнне гемаглабіну крыві і чаднага газу, якое не можа пераносіць па крывяноснай сістэме кісларод).

Даныя хімічнай экспертызы дазволілі дзяржаўнаму медыцынскаму судоваму эксперту прыйсці да высновы, што

смерць абодвух маладых людзей наступіла ў выніку вострага інгаляцыйнага атручвання чадным газам, які вылучаецца з выхлапнымі газамі, калі працуе рухавік аўтамабіля, і назапашваецца ў замкнёным памяшканні», — паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. 

Чадны газ не мае паху і колеру, ён дзейнічае вельмі падступна. Стан чалавека пры працяглым удыханні паветра з невысокай яго канцэнтрацыяй паступова пагаршаецца. Пасля рэзка слабеюць цягліцы, і чалавек губляе магчымасць перасоўвацца. Пры высокай канцэнтрацыі чаднага газу атручэнне адбываецца вельмі хутка.

Чытайце таксама:

Пад Мінскам загарэўся цягнік

За два тыдні на пажарах у Беларусі загінулі 47 чалавек

У Брэсце машына таксі вылецела ў канаву з вадой

Nashaniva.com