Прадстаўнік Ціханоўскай у Кіеве калісьці ледзь не загінуў у Афганістане, а яго бацька сядзеў з Салжаніцыным
Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько ў новым выпуску «Ток» распавёў пра сваю сям'ю.
17.01.2024 / 15:14
Генадзь Манько. Скрын відэа TOK_talk / YouTube
Пра бацьку
Бацька Манько ў 17 гадоў, у 1948-м, быў прагавораны да вышэйшай меры пакарання. Але ў той час дзейнічаў мараторый на смяротнае пакаранне.
«Ён быў прыгавораны па 58 артыкуле (здрада Радзіме) і 64 (спроба змены ладу неканстытуцыйным шляхам). Ён быў затрыманы. У іх была група 25 чалавек. Пяць чалавек пры затрыманні адразу расстралялі. І вось гэту групу судзілі», —
распавёў Манько і ўдакладніў, што да канца не ведае, што гэта за група. Бацька на пенсіі напісаў успаміны, якія пакуль у неапрацаваным выглядзе. Ён памёр у 2021-м на свае 90 гадоў, але сын не змог прыехаць.
Тэрмін зняволення бацька Генадзя адбываў у Рэспубліцы Комі і Экібастузлагу, які быў у Казахстане. Пра тое, што яго бацька сядзеў у адным лагеры з Салжаніцыным і з ім сустракаўся, Генадзь даведаўся выпадкова, калі сустрэў бацьку на пошце і ўбачыў, што той атрымлівае нейкі перавод ад «Фонду Салжаніцына».
Па словах Генадзя, у лагеры яго бацька не ведаў, хто такі Салжаніцын, які пазней распавёў у сваёй кнізе «Архіпелаг ГУЛАГ» пра паўстанне ў лагеры, якое адбылося ў канцы студзеня 1952 года.
«Калі было паўстане ў лагеры, бацька быў з украінскай групай таварышаў, якія ў асноўным і арганізоўвалі гэтае паўстанне. У лагеры знаходзілася шмат людзей з Заходняй Украіны. З-за таго, што прозвішча Манько, яго прыцягнулі як украінца, як западэнца», — тлумачыць Манько.
Яго бацька ніколі не сварыўся матам і з канца 1980-х гадоў размаўляў на беларускай мове.
Пра дзеда
Дзед Генадзя быў арыштаваны ў 1939 годзе на тэрыторыі сучаснага Івацэвіцкага раёна. Пра яго далейшы лёс нічога не вядома.
«Там ёсць памесце Югалін. Яно належала Варанцовым — нашчадкам Пушкіна. Былі графы. І мой дзед быў там упраўляючым. Займаўся лесам, лугамі. Як пазней аказалася, дзед вучыўся ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. Звалі яго Іваноў Данііл. Ён пайшоў у 1914 годзе добраахвотнікам на фронт. Вельмі добра ваяваў, быў кавалерам не аднаго Георгіеўскага крыжа».
Як распавёў Манько, яго дзед быў і ў складзе арміі Станіслава Булак-Балаховіча. «Я і мой бацька (з канца 1950-х гадоў) займаліся яго пошукам. Ён кіраваў адной з буйных банд, што дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта мы даведаліся з перапіскі з дзяржаўнымі органамі, хаця вельмі хавалася гісторыя і да сёння па яго тэме закрытыя архівы».
Манько змог азнаёміцца з 18 пратаколамі допыту:
«Гэта той чалавек, які захопліваў аддзел УНК у Койданаве. Гэта была палітычная банда. Ваявалі з савецкай уладай. Шмат гісторый, звязаных з Савінкавым і «Саюзам абароны Радзімы і свабоды«. Дзед уваходзіў у штаб арміі Булак-Балаховіча. Ёсць фотаздымак, дзе ён разам з генералам. Ён удзельнічаў у паходзе, калі дайшлі да Мазыра і захапілі яго. І яму, як я прачытаў, было выстаўлена абвінавачванне за гэта. Там шмат дэтэктыўных гісторый. Практычна ўся сямʼя дзеда была расстраляна. Пра яго ведалі ў аддзеле ГПУ.
Ёсць кніга «Чэкісты», што напісана пры Савецкім Саюзе. І там ёсць старшы маёр дзяржбяспекі Сыраежкін. Так вось ён укараняўся ў банду. Вось ён апісвае момант сустрэчы з маім дзедам.
У 1939 годзе прыйшлі і арыштавалі дзеда. Далейшы лёс невядомы. Рашэнняў ніякіх няма — «адправілі ў Маскву ў распараджэнне кіраўніцтва НКУС». І ўсё, прапаў. Да сёння больш нічога не вядома. Маці і сястру яго расстралялі. Забралі ўсю маёмасць. Пра гэта напісала гісторык Ніна Стужынская. Яе артыкул ёсць у кнізе «Крестьянскій фронт 1918-1922 гг».
Пра службу ў Афганістане
Генадзь Манько быў прызваны на службу ў савецкую армію ў 1987 годзе. Быў накіраваны ў Кушку (цяпер — Серхетабад ў Туркменістане) у разведвальны батальён. Адтуль патрапіў у Герат. Служыў у разведроце да вываду савецкіх войскаў у 1989 годзе. Затым патрапіў на Далёкі Усход. Служыў на Паўднёвым Сахаліне.
«Я мог не патрапіць у Афган. Калі ў нас была перасылка, прыйшоў афіцэр і спытаў, ці ёсць хто з Баранавіч. Я адгукнуўся. Гляджу, знаёмы твар чалавека. Ён мяне ўсяго на чатыры гады старэйшы (я трохі пазней пайшоў служыць). Ён удакладніў, чым я займаўся і дзе. Я сказаў, што барацьбой. Назваў трэнера і месца. Аказалася, што мы ў суседніх залах займаліся. Высветлілася, што ў нас куча знаёмых. Ён кажа: «Ты куды?» Я адказаў, што ў вучэбку ў разведбат. Ён сказаў: «Ты што, хворы? Давай, ідзі да мяне. Будзеш тут у спортроце. Будзеш займацца. Два разы зʼездзіш у адпачынак. Ты проста не разумееш, куды ідзеш». Я адмовіўся», — адзначыў Манько.
Згадваючы падзеі вайны, Генадзь распавёў, што падарваўся на двух мінах на баявой машыне пяхоты. «Мы займаліся ў асноўным засаднымі дзеяннямі. Была аперацыя «Заслон», і ўсе падраздзяленні па перыметры (Пакістан, Іран), дзе можна было (астатняя частка з боку Індыі — горная і непраходная), займаліся засадамі, каб перадухіліць увоз зброі на тэрыторыю Афганістана. Аднойчы мы вярталіся з раёна засады. Вельмі доўга не спалі.
Гэта было 10 кастрычніка 1987 года. У мяне быў зямляк — Мікалай Прышчэц з-пад Салігорска. Так як я быў ноччу на фішцы, папрацаваў, то ён мне сказаў, каб я ішоў «у дэсант» і лажыўся спаць.
Я лёг у гэты дэсант, але мне не спалася. Было дрэннае надворʼе. Потым мы спыніліся. Быў перакур 10 хвілін. Мы памяняліся. Паехалі. А я лёг у левы дэсант, ён у правы на маё месца. Я там яшчэ падсцяліў бронекамізэлькі (іх было чатырнаццаць, усе людзі іх знялі), каб выраўняць падлогу. І накідалі спальнікаў. Вось ён лёг на гэтыя бронікі. І яшчэ адзін чалавек з ім.
А я залез у левы дэсант, бо было дрэннае надворʼе. Увесь дэсант быў загружаны зброяй. Я залез на самы верх упрытык. І тут падрыў на двух мінах. Мой сябар загінуў. Пяць чалавек было кантужана <…> Са мной нічога не адбылося <…> Я мог «закасіць» і зʼехаць. Ротнаму адарвала нагу».
Як згадвае Манько, экіпаж адразу патрапіў пад агонь. Давялося адстрэльвацца. І трымацца ўсю ноч.
«Нас засталася машына людзей. Мы яшчэ начавалі гэтую ноч і ахоўвалі машыну ў кругавой абароне. Замініраваліся па кругу і палову ночы рваліся і сігнальныя міны, і міны, якія мы навокал заклалі. Да ранку прыехалі і нас эвакуявалі».
Глядзіце цалкам: