Трамп выйграў кокусы ў Аёве
У ЗША афіцыйна стартавала перадвыбарчая гонка. Традыцыйна першым перадвыбарчая кампанія праходзіць у штаце Аёва, які месціцца у самым сэрцы краіны.
16.01.2024 / 08:08
Дональд Трамп. Фота: Andrew Harnik / AP
Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп выйграў кокусы ў Аёве — першы этап унутрыпартыйнага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.
New York Times
Па выніках падліку 95 працэнтаў галасоў (больш за 100 тысяч чалавек бралі ўдзел) Трамп набірае 51% галасоў. Ён лідзіруе ў 98 з 99 акруг штата.
Другое месца займае губернатар Фларыды Рон Дэсанціс, якога падтрымалі 21,1% рэспубліканцаў штата. Нікі Хэйлі, былая амбасадарка ЗША ў ААН і экс-губернатар Паўднёвай Караліны, ідзе трэцяй з 19,1% галасоў, піша New York Times.
Далей ужо будуць праймерыз у розных штатах. Ключавымі стануць праймерыз 5 сакавіка — так званы «супераўторак», бо яны пройдуць у 15 штатах. Апошнія праймерыз пройдуць у чэрвені.
З'езд прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі, на якім афіцыйна назавуць кандыдата ад партыі, пройдзе ў ліпені. У дэмакратаў з'езд пройдзе ў жніўні.
***
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца 5 лістапада. Ад Дэмакратычнай партыі будзе балатавацца, хутчэй за ўсё, Джо Байдэн.
Трамп быў кіраўніком дзяржавы ў са студзеня 2017 — па студзень 2021 года (афіцыйна прэзідэнцкі тэрмін пачынаецца 20 студзеня пасля інаўгурацыі). У выпадку перамогі на выбарах ён стане другім у гісторыі прэзідэнтам, які перамог на выбарах з перапынкам на кадэнцыю іншага кіраўніка. У 1885—1889 і 1893—1897 гадах такім прэзідэнтам быў Гровер Кліўленд.
Выбары ў ЗША называюць галоўнай палітычнай падзеяй у свеце ў 2024 годзе.