«Далі 30 дзён, каб сабраць рэчы». Беларуса могуць дэпартаваць з Польшчы пасля 21 года пражывання ў ёй

Беларус Павал Юшкевіч 20 гадоў пражыў у Польшчы, 11 з іх ён змагаецца за магчымасць жыць у краіне. Урэшце прыйшло рашэнне — у яго забіраюць дазвол на жыхарства.

16.01.2024 / 13:35

Паўлу Юшкевічу 38 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Васілішкі на Гарадзеншчыне, скончыў там школу. У 17 гадоў пераехаў у Польшчу. Вучыўся ва ўніверсітэце ў Торуні на кірунках «педагогіка» і «міжнародныя адносіны». Меў узнагароду «найлепшы іншаземны студэнт Польшчы». Атрымаў ступень магістра расейскай філалогіі, абараніў доктарскую дысертацыю, расказвае гісторыю Радыё Свабода.

У 2008 годзе Павал атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў. Ягоны дзед лічыў сябе палякам, а бабка са шляхецкага роду Ліпскіх.

У 2012-м Павал падаў дакументы на польскае грамадзянства, але яму адмовілі. Прычыну патлумачылі коратка — знаходжанне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бяспекі Польшчы. Такое заключэнне зрабіла Агенцтва ўнутранай бяспекі краіны (ABW).

«Гэта быў для мяне вялізны шок», — прызнаецца суразмоўца.

Чаму такую характарыстыку яму напісалі спецслужбы, Павал дагэтуль не ведае. Ейны змест засакрэчаны. Спробы даведацца выніку не далі нават праз суды. Беларус кажа, што спрабаваў здагадацца, што магло стаць падставай для негатыўнага заключэння.

«Я пачынаў аналізаваць усіх сваіх знаёмых, хто мог бы зрабіць мне нешта на зло, напісаць паклёп. Я быў добрым студэнтам, у мяне ўсё атрымлівалася. Гэта магло камусьці не падабацца», — разважае суразмоўца.

Праз некалькі месяцаў такога аналізу хлопец прыйшоў да высновы, што атрымліваецца нездаровая сітуацыя: калі ён перакананы ў сваёй невінаватасці, то як можа кепска думаць пра тых, з кім побач жыў і працаваў?

Перад тым, як скласці негатыўную характарыстыку, Юшкевіча запрашалі на размову ў ABW. Ён успамінае яе як «непрыемную». Павал кажа, што на некаторыя пытанні не хацеў адказваць, бо лічыў іх непрымальнымі для сябе. Змест гутаркі ён не можа пераказваць. На ягоную думку, ён пры гэтым паводзіў сябе карэктна.

Мужчына дадае, што не служыў у беларускай арміі (часам гэта бывае прычынай адмовы для дазволу на жыхарства ў ЕС). Таксама ён не выходзіў на акцыі пратэсту супраць рашэнняў польскага ўрада.

Павал дапускае, што падставай для адмоўнага заключэння спецслужбаў мог стаць акаўнт «ВКонтакте», дзе хтосьці з 2017 года посціў ягоныя фота і пісаў допісы ў падтрымку Расіі. Сам Юшкевіч кажа, што не вёў яго.

«11 гадоў, якія руйнуюць маё жыццё»

Апошнія 11 гадоў Павал спрабуе даказаць, што выйшла памылка і што ён насамрэч мае права жыць у Польшчы і карысны для яе. Ён кажа, што нават не стварыў сям’ю, таму што ўвесь час знаходзіўся ў падвешаным стане і не мог узяць адказнасць за іншага чалавека, за дзяцей. Суразмоўца думае, што ягоная сітуацыя выключная, бо справа цягнецца настолькі доўга.

«11 гадоў, якія руйнуюць маё жыццё», — называе ён гэты час.

Беларус перакананы, што калі б ён сапраўды быў небяспечным для Польшчы, яго дэпартавалі б цягам некалькіх дзён, а не працягвалі б працэс столькі гадоў.

«Як можна быць пагрозай для краіны 11 гадоў і ў гэты ж час функцыянаваць тут, працаваць, выкладаць, адкрываць свой бізнэс? Гэтую гісторыю можна назваць абсурднай», — упэўнены мужчына.

Павал выкладае ў Торунскім універсітэце культурную антрапалогію, гісторыю адукацыі, міжкультурную адукацыю. Адкрыў невялікі забаўляльны бізнэс для дзяцей з сімулятарамі віртуальнай рэальнасці.

З 2017 года цягнецца працэдура пазбаўлення Паўла дазволу на жыхарства.

«Калі я быў пагрозай у 2017 годзе, чаму адразу не прынялі захадаў, якія маглі б абараніць Польшчу ад мяне, ад такога «злачынца« Юшкевіча?» — задае рытарычнае пытанне Павал.

5 студзеня сёлета ён атрымаў ліст з адміністрацыі ў справах іншаземцаў. З яго вынікае, што ў Паўла забіраюць дазвол на жыхарства, які яму выдалі ў 2008 годзе. Да таго ж беларусу трэба цягам 30 дзён выехаць з Польшчы. У адваротным выпадку памежная служба пачне сваю працэдуру, і тады яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Павал мяркуе, што вяртацца на радзіму для яго небяспечна.

З 2006 года ён быў беларускім актывістам у Польшчы, звяртаў увагу на сітуацыю ў Беларусі, ладзіў з паплечнікамі беларускія дні, беларускія канферэнцыі. Ён адзін з лідараў беларускай дыяспары ў Торуні. У Беларусі быў у апошні раз у 2019 годзе.

«Тут мой дом»

Павал дапускае, што яго сапраўды могуць дэпартаваць, але пакідаць Польшчу пакуль не плануе.

«Я прыехаў сюды хлапчуком. Правёў тут большую частку свядомага жыцця. Тут было станаўленне маёй асобы. Тут мой дом. Я не ўяўляю, як выехаць з Польшчы і пачынаць жыццё з нуля ў 38 гадоў. Я не ўяўляю сітуацыі, калі я пакідаю ўсё — сяброў, знаёмых, сваю кватэру, свой бізнэс, студэнтаў. Гэта вельмі складана. Я разлічваю на справядлівасць, што нешта зменіцца за 30 дзён», — кажа Павал.

Зараз разам з юрыстамі ён думае, як вырашыць гэтую сітуацыю.

«У мяне яшчэ засталося троху надзеі, што знойдзецца чалавек, які зверне ўвагу на абсурднасць сітуацыі. Нейкае рашэнне, прынятае ў 2013 годзе, разбурае жыццё чалавека на працягу 10 гадоў. Я яшчэ веру ў справядлівую Польшчу… Я нікуды не хаваюся. Думаю, што знойдзецца чалавек добрай волі, які падумае, што гэтая справа не трымаецца ў адной кучы і што яе трэба разгледзець наноў», — кажа ён.

Павал мае надзею, што ягоная справа вырашыцца станоўча для яго. Да таго ж ён бы хацеў, каб ягоны выпадак дапамог у будучыні іншым беларусам у падобных сітуацыях.

«Я вельмі спадзяюся, што гэтая справа стане трыгерам, каб польскія законы палепшыліся і больш спрыялі людзям. Я веру, што кожны чалавек у сваім жыцці атрымлівае такі крыж, які можа несці. Магчыма, гэтая ахвяра патрэбная, каб у будучыні іншым людзям жылося лепей», — голас Паўла перарываецца, яму цяжка гаварыць.

Nashaniva.com