Расійскія вайскоўцы перайшлі ў новы наступ пад Аўдзееўкай і Бахмутам — аналітык Bild

Прыкладна тры тыдні з канца снежня расійскія войскі не праводзілі наступальных дзеянняў на ўсходзе Украіны. Зараз яны зноў спрабуюць атакаваць.

17.01.2024 / 14:23

Баец украінскай 10-й горна-штурмавой брыгады «Эдэльвейс» з супрацьтанкавай стрэльбай на сваёй пазіцыі каля Бахмута. Фота: Mykyta Shandyba, Ukrainian 10th Mountain Assault Brigade «Edelweiss» via AP

Расійскія вайскоўцы перайшлі ў новы наступ пад Аўдзееўкай і Бахмутам, выказвае меркаванне эксперт Bild па аналізе адкрытых даных Юльян Ропке.

Мяркуючы па адным з відэа, напярэдадні ў завею калона расійскіх танкаў і БМП наступала на Аўдзееўку з паўночнага ўсходу з-пад Краснагораўкі. Яны дайшлі да абарончай лініі УСУ каля Аўдзееўскага кар'ера. Чым скончылася бітва — невядома.

Як адзначае Ропке, раней УС РФ спрабавалі ўзяць Аўдзееўку з паўночнага захаду ў раёне Стэпавага, з паўднёвага захаду каля Паўночнага і з паўднёвага ўсходу з боку Данецка. Нядаўняя атака з паўночнага ўсходу стала «адносна новым» напрамкам штурму.

Карта Bild

Пад Бахмутам УС РФ выкарыстоўваюць разбураны горад як зыходную кропку для прасоўвання на захад на пазіцыі УСУ. На днях у наступ там перайшлі расійскія танкі і БМП.

Нягледзячы на ​​некалькі ўзроўняў супрацьдроннай абароны, расійскую бронетэхніку знішчылі ўкраінскія беспілотнікі-камікадзэ, атака была адбітая.

Nashaniva.com