Чаму Ціханоўская не сустрэлася з Зяленскім у Давосе?
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры «Еўрарадыё» расказаў пра закуліссе сусветнага эканамічнага форума ў Давосе, а таксама пра казус, які адбыўся.
17.01.2024 / 18:08
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Офіс Ціханоўскай
Вячорка тлумачыць, што ўдзел Святланы Ціханоўскай у такіх мерапрыемствах і кароткія сустрэчы з палітыкамі розных краін там — спосаб прыцягнуць увагу да беларускіх праблем.
«Каб нас ва ўсёй гэтай мітусні, геапалітычным хаосе не забылі, не спісалі, не здалі Пуціну», — кажа Вячорка.
Чаму на форуме, куды прылятаў і Уладзімір Зяленскі, не атрымалася сустрэцца з ім?
«Таму што мы гэтую сустрэчу не выпрошваем, не патрабуем. У адміністрацыі Зяленскага ведаюць, што мы адкрытыя да камунікацыі, і Кавалеўскі, і Лябедзька на працягу апошняга года сустракаліся некалькі разоў з ягонымі дарадцамі, і Святлана бачылася двойчы за мінулы год з Зяленскім. Гэтае пацісканне рук з Зяленскім на кожным форуме не мае сэнсу, улічваючы, наколькі ён заняты».
Але з міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебам была магчымасць коратка перагаварыць перад адной з дыскусій і пасля яе.
«Добрыя даверлівыя адносіны. Зараз паглядзім, які будзе працяг, — каментуе Франак Вячорка. — Мы чакаем прызначэння ўпаўнаважанага — спецпасланніка па Беларусі з боку Украіны. Мы накіравалі такую заяву на імя міністра дзесьці месяц-паўтара таму і спадзяемся, гэта рашэнне будзе прынята, што значна аблегчыць нашу супрацу з Украінай».
Офіс Ціханоўскай запытваў сустрэчы на форуме і з афрыканскімі краінамі, якія сябруюць з Лукашэнкам. Дзве краіны спачатку пацвердзілі сустрэчы, а пасля спасавалі.
«Магчыма, спачатку падумалі, што гэта дэлегацыя афіцыйнага Менска», — выказаў здагадку Вячорка.
Цікава, што пэўны час на сайце Давоскага форуму ў раздзеле пра Ціханоўскую вісела спасылка на дзяржаўны сайт презідент.гов.бай. Праз некаторы час спасылку прыбралі.
Вячорка лічыць, што гэта знак, што Ціханоўскую ўспрымаюць як прадстаўніка краіны.
Чытайце таксама:
Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны
«Важны пачатак дыялогу». Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Венгрыі ў Давосе
Што баліць Вусаву, Пазняку і Ціханоўскай?
Чаму на канферэнцыі каліноўцаў не было Сахашчыка і як здарылася ўцечка інфармацыі