«Белавія» працягнула акцыю яшчэ на адзін дзень, бо сайт кепска працаваў

У авіякампаніі «Белавія» прызналі, што распродаж авіяквіткоў, абвешчаны на 17 студзеня, «прайшоў не так, як задумвалася». Таму кампанія вырашыла працягнуць распродаж яшчэ на адзін дзень, паведамляе прэс-служба авіякампаніі.

17.01.2024 / 21:16

«Падчас правядзення акцыі наш сайт працаваў з перабоямі, што ўскладняла куплю авіяквіткоў. Чаму так адбылося? Гэта першая акцыя такога маштабу на новым «рухавічку» для браніравання білетаў, які не справіўся з наплывам ахвотных купіць білеты», — патлумачылі сітуацыю ў авіякампаніі.

У «Белавіі» адзначылі, што правялі працу над памылкамі і за самы кароткі час аднавілі працаздольнасць сайта.

«Мы прынялі рашэнне працягнуць акцыю яшчэ на адзін дзень», — расказалі ў кампаніі.

Купіць білеты па тарыфе ад 24 еўра можна да 23.59 18 студзеня. Умовы акцыі застануцца ранейшымі.

17 студзеня «Белавія» абвясціла распродаж на ўсе прамыя рэгулярныя рэйсы. Акцыйны білет у адзін бок абыдзецца ў 24 еўра, туды-назад — 48 еўра. Але да гэтай цаны трэба дадаваць яшчэ розныя таксы і зборы.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Аргенціны паляцеў звычайным самалётам. І гэта самалёт «Белавія»

«Белавія» расказала пра вынікі года і планы па новых рэйсах

Расія стварыла падстаўную авіякампанію, каб перавозіць нелегальных мігрантаў у Еўропу праз Мінск

Nashaniva.com