«Фіг вам, а не яйкі! Вярніце пеўняў з фронту!» Кіраўніка ўзбекскага зямляцтва ў Расіі пераследуюць за гэта выказванне

На кіраўніка аднаго з узбекскіх зямляцтваў у Расіі пад назвай «Ватандош» Усмана Баратава завялі крымінальную справу і затрымалі. Прычынай стаў ягоны пост у сацсетках месячнай даўніны, які кваліфікавалі як абразлівы ў дачыненні да ўдзельнікаў «спецыяльнай ваеннай аперацыі», як расійскія ўлады і прапагандысты ўжо амаль два гады называюць вайну ва Украіне.

18.01.2024 / 19:14

Усман Баратаў. Скрыншот з відэа на YouTube

17 снежня на старонцы Усмана Баратава ў сацсетцы «Аднакласнікі» з'явіўся пост з цытатамі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна аб цэнах на яйкі. Пост суправаджаўся карцінкай, на якой курыца «гаворыць»: «Фіг вам з маслам, а не яйкі! Вярніце пеўняў з фронту!»

Пазней пост знік, а Баратаў апублікаваў на сваёй старонцы ўінстаграме сторыс са словамі: «Нас узламалі». Падрабязнасцяў ён не прывёў.

На пост пра пеўняў звярнулі ўвагу расійскія вайсковыя блогеры, пасля чаго старшыня расійскага Следчага камітэта Аляксандр Бастрыкін даручыў завесці крымінальную справу «па факце абразы ўдзельнікаў СВА». 

Цяпер яна заведзена па артыкуле 282 КК РФ («Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а таксама прыніжэнне чалавечай годнасці»). Баратава даставілі ў падраздзяленне маскоўскага Следчага камітэта для правядзення следчых дзеянняў.

Сам Баратаў апошнім часам спрабаваў апраўдацца, заяўляючы, напрыклад, што «курыцы і пеўні з'яўляюцца карыснай і вельмі добрай хатняй птушкай, якая не мае ніякага дачынення да СВА», а франты «бываюць розныя, напрыклад, працоўныя». Таксама ён наракаў, што сатырычны пост цэлы месяц не прыбіраў з сацсеткі ягоны памочнік. Але гэта яму не надта дапамагло.

Больш таго, Баратаву таксама прыпомнілі колішняе інтэрв'ю, у якім ён абурыўся, што вядучая праграмы «Здароўе» Алена Малышава «забылася» слова «расійскі», выкарыстоўваючы замест яго прыметнік «рускі».

«І нават расійскія пашпарты таксама з федэральных каналаў пачалі называць рускімі. Ну, гэта лухта! Няма рускага пашпарта, ёсць расійскі пашпарт», — сказаў Баратаў. Ён дадаў, што яго, «як грамадзяніна Расіі», гэта кранае, паколькі ён не рускі, а узбек.

Гэта выклікала скандал і прыступ дзяржаўнай ксенафобіі. У прыватнасці, віцэ-спікер Дзярждумы Пётр Талстой, каментуючы выказванні Баратава, назваў нацыянальныя дыяспары ў Расіі «легалізаванымі мафіёзнымі структурамі» і заклікаў «заканчваць з міжнацыянальным лібералізмам».

Чытайце таксама:

«Прапаганда гаворыць: «Мы — рускія». А мы не рускія». Башкірскія актывісты заклікалі да пратэстаў і ў іншых нацыянальных рэспубліках

Прапагандыст Прыдыбайла прыдумаў фэйк, каб дыскрэдытаваць «Дождж». Ён прадставіўся жыхаром Ліпецка, які замярзае без ацяплення

У чым сапраўдная прычына маштабнага пратэсту ў Башкартастане

Nashaniva.com