Працадаўцы не хочуць браць на працу зумераў — вось чаму тыя правальваюць сумоўі
Даследчыкі адзначаюць, што ў тых, каму цяпер да 25 гадоў, праблемы не толькі з камунікацыяй.
19.01.2024 / 20:29
Фота Andrey Rudakov Bloomberg via Getty Images
Зумеры правальваюць сумоўі з-за праблем з камунікацыяй. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні, арганізаваным у снежні 2023 года групай Intelligent з Нью-Джэрсі, у межах якога апыталі больш за 800 кадравікоў, расказвае Fox News.
Даследаванне паказала, што амаль 75% кіраўнікоў кампаній і менеджараў сказалі, што з прадстаўнікамі пакалення Z (то-бок з людзьмі, якія нарадзіліся пасля 1997 года) цяжэй працаваць, чым з прадстаўнікамі іншых пакаленняў. Шэраг апытаных таксама пагадзіліся з тым, што работнікам пакалення Z бракуе камунікатыўных навыкаў, стараннасці, матывацыі і нават тэхналагічных навыкаў.
Амаль 20% працадаўцаў сутыкаліся з сітуацыямі, калі нядаўнія выпускнікі прыходзілі на сумоўе з бацькамі.
Зумеры ўвогуле часта правальваюць сумоўі праз праблемы з камунікацыяй. Яны мямляць, не глядзяць у вочы, запрошваюць неадэкватныя заробкі, неадпаведна апранаюцца на інтэрв’ю, а на анлайн-гутарках адмаўляюцца ўключаць камеру або зусім спрабуюць пазбегнуць перамоваў з эйчарам.
Два з трох менеджараў мяркуюць, што работнікі пакалення Z не вытрымліваюць працоўных нагрузак, у той час як 60% сказалі, што маладыя людзі часта спазняюцца на працу і часта не ўкладаюцца ў дэдлайны. А яшчэ яны вельмі крыўдлівыя і не ўмеюць належна ўспрымаць крытыку ў свой адрас.
20% апытаных менеджараў і кіраўнікоў сутыкаліся з сітуацыяй, калі ім даводзілася звальняць супрацоўніка з пакалення Z на працягу тыдня або месяца пасля таго, як ён толькі распачаў працу.
Па словах эйчараў, з прычыны праблем з камунікацыяй у зумераў кампаніі ўсё часцей аддаюць перавагу спецыялістам у гадах. Каля 60% працадаўцаў заявілі, што гатовыя прапанаваць дадатковыя льготы і плаціць больш высокія заробкі, каб прыцягнуць больш сталых працаўнікоў, а не нядаўніх выпускнікоў.
Эксперты адзначаюць некалькі прычын, у тым ліку змены ў культуры і выхаванні дзяцей. 62% вінавацяць «культуру», 50% — бацькоў, 48% — COVID, 46% — настаўнікаў. Цяпер дзецям сталі зашмат дазваляць і шмат у чым патураць. Таксама праблемам паспрыяла пандэмія, у час якой людзі менш камунікавалі.
Некаторыя эксперты абараняюць маладых работнікаў, сцвярджаючы, што выгаранне закранае ўсе ўзроставыя групы. Яны выступаюць за тое, што варта болей укладацца ў навучанне маладых спецыялістаў замест таго, каб адразу іх звальняць.