Да башкірскага спевака, які заклікаў жыхароў нацыянальных рэспублік Расіі выйсці на пратэсты, прыйшлі сілавікі
Паліцэйскія прыйшлі дадому да сям'і выканаўцы песень на башкірскай мове Алтыная Валітава ва Уфе. Пра гэта ён паведаміў у сторыз у інстаграме. Раней Валітаў запісаў відэа, у якім заклікаў жыхароў усіх нацыянальных рэспублік Расіі выйсці ў пятніцу на акцыі пратэсту і змагацца за свае правы, піша «Агентство».
18.01.2024 / 20:08
Алтынай Валітаў
У відэа, апублікаваным у сторыз у чацвер вечарам, Валітаў папрасіў усіх неабыякавых жыхароў прыйсці да яго дома і назваў свой адрас у Дэмскім раёне Уфы. Спявак таксама папрасіў здымаць на відэа дзеянні паліцэйскіх, каб яны «не здзяйснялі неправамерных дзеянняў».
Пазней Валітаў паведаміў, што сілавікі сышлі, і падзякаваў аднадумцам за падтрымку. Пасля гэтага сторыз са зваротам знікла з ягонага акаўнта.
Пасля прысуду, вынесенага 17 студзеня башкірскаму актывісту Фаілю Алсынаву (яму далі 4 гады калоніі) Валітаў апублікаваў у інстаграме відэа з заклікам да жыхароў Башкартастана і іншых рэспублік, якія ўваходзяць у склад Расіі, выйсці 19 студзеня на акцыі ў падтрымку Алсынава. Яшчэ адзін відэаролік, які разышоўся па башкірскіх пабліках, запісаў стваральнік разумнай калонкі на башкірскай мове Айгіз Кунафін, ён таксама заклікаў жыхароў рэспублікі выйсці на акцыю пратэсту 19 студзеня.
Паліцыя Башкартастана ўжо прыгразіла патэнцыйным удзельнікам акцый пратэсту крымінальнымі справамі. У рэспубліцы назіраюцца перабоі ў працы Telegram і WhatsApp.
Чытайце таксама:
У чым сапраўдная прычына маштабнага пратэсту ў Башкартастане
Тысячы башкіраў сабраліся каля суда падтрымаць свайго нацыянальнага актывіста