НАТА: Трэба рыхтавацца да таго, што ў наступныя 20 гадоў пачнецца вайна з Расіяй

На наступным тыдні альянс пачынае маштабныя вучэнні Steadfast Defender 2024, у якіх возьмуць удзел каля 90 тысяч вайскоўцаў.

19.01.2024 / 08:19

Брыфінг Роба Баўэра 18 студзеня 2024 года. Фота: Virginia Mayo / AP

Старшыня ваеннага камітэта НАТА, нідэрландскі адмірал Роб Баўэр, заявіў, што краінам альянсу не варта лічыць само сабой зразумелым, што яны прадоўжаць жыць у міры, таму ім трэба рыхтавацца да вайны з Расіяй, якая моцна закране звычайных людзей.

Баўэр гаварыў з журналістамі ў чацвер днём, але найбольш поўна яго выказвання цытуе пятнічны нумар брытанскай газеты Daily Telegraph, якая вынесла на першую паласу загаловак «НАТА папярэджвае аб вайне з Расіяй у наступныя 20 гадоў», піша Бі-бі-сі.

«Мы павінны ўсвядоміць, што таму, што мы жывем у стане міру, — гэта не нешта само сабой зразумелае. І менавіта таму мы рыхтуемся да канфлікту з Расіяй. Але дыскусія значна шырэйшая. Гэта і індустрыяльная база, і таксама людзі, якія павінны зразумець, што яны граюць пэўную ролю», — сказаў Баўэр.

Ён пахваліў шведскія ўлады за папярэджанні грамадзянам, што трэба рыхтавацца да вайны. «З гэтага трэба пачынаць. З усведамлення, што не ўсё можна спланаваць і не ўсё будзе ў шакаладзе ў наступныя 20 гадоў», — сказаў адмірал.

На наступным тыдні НАТА пачынае маштабныя вучэнні Steadfast Defender 2024, у якіх прымуць удзел каля 90 тысяч вайскоўцаў(у тым ліку 20 тысяч брытанскіх). Гэтыя вучэнні працягнуцца да мая.

Раней Bild пісаў, што Расія можа атакаваць усходні фланг краін НАТА ўжо наступнай зімой, у тым ліку праз Беларусь.

Чытайце таксама:

Зімой 2024/25 года Расія можа паспрабаваць атакаваць Еўропу — Bild

НАТА чакае нападу Расіі праз Беларусь ужо ў пачатку 2025 — Bild

Міністр грамадзянскай абароны Швецыі заклікаў суграмадзян «быць гатовымі да вайны»

Nashaniva.com