Выпадак каля мяжы. У кіроўцаў не было дакументаў, і пасажыры пайшлі пешкі ў Вільню
Літоўская адміністрацыя бяспечнага транспарту з ліпеня рэгулярна правярае зарэгістраваныя ў Беларусі аўтобусы, якія возяць пасажыраў у Літву і назад. 16 студзеня падчас праверкі высветлілі, што ў двух кіроўцаў не было неабходных дакументаў.
19.01.2024 / 09:54
Аўтавакзал у Вільні. Фота: tar.by
У выніку прыйшлося высадзіць пасажыраў, і яны пешшу пайшлі на аўтавакзал, а кіроўцу далі штраф 2500 еўра, піша Delfi.lt.
На сённяшні дзень адміністрацыя праверыла 47 зарэгістраваных у Беларусі аўтобусаў. Парушэнні былі зафіксаваныя амаль ва ўсіх з іх. У 24 выпадках у кампаній па перавозцы пасажыраў не было неабходных дазволаў, а ў 25 — устаноўлены парушэнні рэжыму кіравання і адпачынку.
«Мы бачым, што маніпулююць перавозкамі пасажыраў: заяўляюць, што рэйс заказны, а потым высвятляецца, што насамрэч ён рэгулярны, а гэта ўжо парушэнне. Бывае і такое, што кажуць, быццам вязуць групу людзей (экскурсію), але ў адзін бок вязуць адных, а ў другі — ужо іншых. Гэта грубае парушэнне дамоўленасці паміж літоўскім і беларускім урадам аб міжнародных перавозках на аўтатранспарце», — сказаў дырэктар адміністрацыі Генюс Лукошус.