Маршрутчыкі просяць дазволіць вазіць пасажыраў стоячы
Перавозчыкі разумеюць, што паездка стоячы — гэта парушэнне, але кажуць, што адмовіць пасажыру, які зайшоў у салон, не могуць.
19.01.2024 / 13:20
Перавозчыкі просяць унесці змены ў заканадаўства і дазволіць ім перавозіць пасажыраў не толькі на сядзячых месцах. Цяпер перавозка стоячы забароненая. За гэта пагражае штраф. Такі запыт маршрутчыкі выказалі падчас рэспубліканскай нарады прадстаўнікоў улады і перавозчыкаў 19 студзеня. Улады паабяцалі іх прапанову разгледзець, піша Office Life.
Цяпер перавозка стоячы ў маршрутках падпадае пад адміністрацыйную адказнасць. Кіроўцу пагражае штраф да чатырох базавых велічынь (160 рублёў).
Перавозчыкі разумеюць, што паездка стоячы — гэта парушэнне, але, кажуць, што адмовіць пасажыру, які зайшоў у салон, не могуць. Пры гэтым, калі іх штрафуюць правяраючыя, пасажыраў, якія стаяць, з маршруткі не высаджваюць.
На думку маршрутчыкаў, перавозку стоячы адназначна трэба дазволіць для прыгарадных паездак. Наконт гарадскога транспарту большасць перавозчыкаў-удзельнікаў нарады выказалася таксама за больш гнуткія падыходы, а вось для міжгародніх маршрутаў гэта новаўвядзенне, на іх думку, павінна быць пад забаронай.
У 2023 годзе Транспартная інспекцыя канфіскавала ў перавозчыкаў 149 мікрааўтобусаў і тры аўтобусы. Назад вярнулі толькі 97 мікрааўтобусаў і адзін аўтобус. У выніку 919 кантрольных закупак спецыялісты выявілі 1467 адміністрацыйных правапарушэнняў.