Кампанія-ўладальнік «Еўрагандлю» змяніла кіпрскую рэгістрацыю на ААЭ

Холдынгавая кампанія «Еўрагандаль Холдынг», якая валодае беларускім ТАА «Еўрагандаль», змяніла рэгістрацыю. Гэта вынікае са змен у праспектах аблігацый ТАА «Еўрагандаль» 23, 24 і 25 выпускаў, якія сёння размешчаны на Адзіным партале фінансавага рынку, заўважыла Reform.by.

19.01.2024 / 15:21

Калі раней «Еўрагандаль холдынг» (Eurotorg Holding PLC) была зарэгістраваная ў Лімасоле на Кіпры, то цяпер месцам рэгістрацыі кампаніі паказаная тэрыторыя глабальнага рынку Абу-Дабі, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Рашэнні аб унясенні змяненняў у праспекты эмісіі датаваныя 9 студзеня і зарэгістраваныя Дэпартаментам па каштоўных паперах Мінфіна 17 студзеня.

У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і ІП апошнія змены і дапаўненні былі зарэгістраваныя 22 снежня 2023 года.

«Еўрагандаль холдынг» валодае 100% ТАА «Еўрагандаль», якая кіруе найбуйнейшай рознічнай сеткай у Беларусі «Еўраопт».

Nashaniva.com