Цягнік Гомель-Мінск затрымаўся на паўгадзіны ў Бабруйску, бо памочніка машыніста дапытвалі сілавікі

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла пра незвычайны інцыдэнт, які адбыўся 14 студзеня на станцыі Бабруйск. 

19.01.2024 / 18:21

Фота ілюстрацыйнае

Паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», пасажырскі цягнік серыі ЭПМII («Штадлер») 14 студзеня выйшаў з Гомеля ў 11:02, а ў Мінск паводле графіка руху павінен быў прыбыць у 14:08. Кіравалі ім машыніст Сокал і памочнік машыніста Мікалаеў.

Пасля праходжання размешчанай на перагоне Бярэзіна — Бабруйск прылады кантролю сходу і валачэння дэталяў рухомага саставу, якая сочыць за габарытамі цягніка, лакаматыўная брыгада атрымала па радыёсувязі ад дзяжурнага па станцыі Бабруйск інфармацыю, што гэтая прылада спрацавала.

У такім выпадку лакаматыўная брыгада абавязаная спыніць цягнік і агледзець састаў. А калі нічога страшнага ў ім падчас агляду не выяўляецца, то можна ехаць далей. Увогуле выпадкі, калі гэтая прылада спрацоўвае без асаблівых на тое прычын, у зімовы час нярэдкія, бо памылку могуць выклікаць снежныя наносы. 

Паколькі інфармацыю пра спрацоўванне прылады лакаматыўная брыгада атрымала ўжо пры фактычным знаходжанні на станцыі Бабруйск, дзе раскладам прадугледжаны двуххвілінны прыпынак, было вырашана агледзець састаў непасрэдна падчас стаянкі.

І калі памочнік машыніста Мікалаеў стаў гэта рабіць, аглядаючы цягнік, у адпаведнасці з рэгламентам, з двух ягоных бакоў, да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі тлумачэнняў, хто ён такі і чым займаецца, знаходзячыся на станцыйных пуцях.

Тлумачэнні чыгуначніка міліцыянтаў не задаволілі, таму Мікалаеў быў прымусова адведзены ў размешчаны непадалёк ад будынка вакзала лінейны пункт міліцыі. Нават тое, што ён быў у чыгуначнай форме, значэння не мела.

У выніку праверка цягнулася паўгадзіны. У часе яе асоба і месца працы Мікалаева пацвердзіліся і яго адпусцілі. За той час, які заставаўся да Мінска, машыністы змаглі зменшыць адставанне ад графіка на 15 хвілін, але цягнік на канцавую станцыю ўсё ж спазніўся.

Чытайце таксама:

Двух беларусаў затрымалі ў Вільні пры спробе выйсці з цягніка

Цягнік у Мінску насмерць збіў жанчыну

Галоўны літоўскі памежнік: Не веру, што беларусы, якія выйшлі з цягніка ў Вільні, хацелі палюбавацца горадам

Nashaniva.com