У Бабруйску мужчына з нажом нападаў на прахожых. Міліцыянты ў яго стралялі
Учора каля 21 гадзіны ў міліцыю паступіла паведамленне ад мясцовай жыхаркі: мужчына на вуліцы нажом наносіць пашкоджанні аўтамабілям, пагражае грамадзянам, паведамляе МУС. На выклік выехаў нарад Бабруйскага аддзела Дэпартамента аховы.
21.01.2024 / 13:18
Мужчына не выконваў патрабаванні супрацоўнікаў кінуць нож на зямлю. Калі ён накіраваўся ў бок міліцыянтаў, тыя зрабілі стрэлы ў паветра, а пасля чаго — па нагах нападніка.
Пасля гэтага мужчына паспрабаваў зарэзаць сябе — міліцыянты аказалі яму першую дапамогу.
44-гадовы бабруйчанін быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя.
За апошнія два месяцы гэта найменей пяты выпадак, калі міліцыя страляе ў парушальнікаў. Некаторыя выпадкі заканчваюцца гібеллю людзей.
22 лістапада 2023 года ў вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці міліцыя застрэліла 39-гадовага мужчыну. Нібыта ён быў з паляўнічай зброяй. Паводле інфармацыі МУС, міліцыянты зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне. Па дарозе ў бальніцу мужчына памёр.
Чытайце таксама:
ГУБАЗіК зноў са стральбой затрымліваў чалавека. На гэты раз за хабар
У баранавіцкай краме чалавек са стрэльбай парэзаў нажом пакупніка