Зяленскі падпісаў указ аб «гістарычна населеных украінцамі тэрыторыях РФ»
22 студзеня з нагоды Дня саборнасці Украіны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот да народа. Выступаючы на Сафійскай плошчы, Зяленскі сказаў, што падпісаў указ аб «тэрыторыях РФ, гістарычна населеных украінцамі», які накіраваны на захаванне правоў украінцаў, якія жывуць на тэрыторыі Расіі, а таксама на развянчанне расійскіх міфаў.
22.01.2024 / 16:00
«Гэта вяртанне праўды пра гістарычнае мінулае дзеля ўкраінскай будучыні», — абвясціў ён.
Указ апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны.
Згодна з дакументам, урад Украіны сумесна з міжнароднымі экспертамі і навукоўцамі распрацуе план дзеянняў па захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці ўкраінцаў у Расійскай Федэрацыі, у тым ліку гістарычна населеных імі землях.
Да такіх тэрыторый Зяленскі аднёс Кубань, Старадубшчыну, Паўночную і ўсходнюю Слабажаншчыну ў межах сучасных Краснадарскага краю, Белгародскай, Бранскай, Варонежскай, Курскай, Растоўскай абласцей.
Зяленскі таксама даручыў сабраць факты злачынстваў супраць украінцаў у Расіі, сведчанні прымусовай русіфікацыі, палітычных рэпрэсій і дэпартацый.
Ва ўказе таксама гаворыцца пра актывізацыю працы ў супрацьдзеянні дэзынфармацыі і прапаганды Расіі ў дачыненні да ўкраінцаў, у прыватнасці, гаворка ідзе аб распаўсюдзе матэрыялаў аб этнічных украінцах і гісторыі стварэння дзяржавы Украіна.